У Вялікай Бераставіцы дзейнічае выстава жывапісу і графікі мясцовага мастака Мікалая Жлабовіча

Лента новостей

“Мілая сэрцу малая радзіма” – пад такой назвай у панядзелак, 15 красавіка, адкрылася выстава жывапісу і графікі бераставіцкага мастака Мікалая Жлабовіча. Увазе жыхароў і гасцей райцэнтра прадстаўлена 37 работ, большасць з якіх – гэта пейзажы роднага краю і партрэты нашых землякоў. Сімвалічна, што мастак, які нарадзіўся ў вёсцы Эймінаўцы, а ўвесь час пражывае ў Вялікай Бераставіцы, прысвяціў сваю выставу Году малой радзімы.

Адкрыццё персанальнай выставы адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці блізкіх і сяброў аўтара, вучняў і настаўнікаў школы мастацтваў, работнікаў  райбібліятэкі, тых, хто сочыць за дзейнасцю мастака і каго вабіць выяўленчае мастацтва.

З прывітальным словам да гасцей сустрэчы звярнулася намеснік дырэктара Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Данута Барташэвіч:

– Сёння ў сценах нашай школы мы праводзім персанальную выставу работ бераставіцкага мастака Мікалая Жлабовіча, якая прысвечана Году малой радзімы. Упэўнена, што выкажу меркаванне ўсіх прысутных: творы аўтара цікавыя, напоўненыя асаблівым святлом – святлом чалавечай душы і навакольнага асяроддзя, якімі бачыць іх мастак.  Карціны пазітыўныя, яны адлюстроўваюць дарагія сэрцу аўтара куточкі, людзей, якія яму запомніліся ў жыцці, пакінулі нейкі след у сэрцы. Чарговая выстава Мікалая Уладзіміравіча – гэта вельмі важная падзея як у жыцці самога аўтара, так і для ўсіх нас, таму што бераставіцкая зямля ўзгадавала гэтага чалавека, і сваю любоў да малой радзімы ён выказвае праз сваю творчасць.

Дырактар Бераставіцкай райбібліятэкі Таццяна Марцішэвіч, адзначыла, што ўжо даўно з’яўляецца прыхільніцай творчасці Мікалая Жлабовіча і ўдзячна яму за той уклад, які ён унёс, працуючы мастаком у райбібліятэцы з 2007-га па 2014 год:

– Мікалай Уладзіміравіч чалавек вельмі сціплы. Аднак не магу не адзначыць, што яго работы ўпрыгожваюць інтэр’ер райбібліятэкі і з’яўляюцца яе візітнай карткай. Найперш, гэта партрэт сусветна вядомага ўсходазнаўцы Восіпа Кавалеўскага, які нарадзіўся на Бераставіччыне і імя якога носіць наша ўстанова. Далей, гэта галерэя нашых знакамітых землякоў і экспазіцыя “Страчная спадчына”, большасць работ з якіх намаляваў Мікалай Уладзіміравіч.  Карыстаючыся гэтымі экспазіцыямі, мы праводзім шматлікія краязнаўчыя экскурсіі для гасцей пасёлка, працоўных калектываў і падрастаючага пакалення раёна. І падобную нагляднасць цяжка пераацаніць. Набліжаецца Дзень Перамогі і актульнай стане серыя графічных партрэтаў землякоў-ардэнаносцаў, якія таксама намаляваў Мікалай Жлабовіч  і якія захоўваюцца ў музейным фондзе. Гледзячы на палотны мастака, мы адчуваем любоў аўтара да родных мясцін, да прыроды, да жывёльнага і расліннага свету, а найперш – да землякоў, вядомых і простых, якія жылі і жывуць побач з намі. Увогуле ж, творчасць мастака разнапланавая, ён замахнуўся нават на тэматыку космаса.

Упэўніцца ў гэтым можна  самастойна наведаўшы выставу Мікалая Жлабовіча, якая, дарэчы, будзе дзейнічаць яшчэ і ўвесь наступны тыдзень. А ў час адкрыцця экспазіцыі аўтар атрымаў шматлікія віншаванні і пажаданні творчага натхнення ад гасцей і сяброў, пакінутыя ў тым ліку і ў кнізе водгукаў.

Мікалай Жлабовіч са сваім сябром і аднакласнікам, жыхаром в. Эймінаўцы Анатолем Хакалам

Сям’і Віхаравых:

Вялікі дзякуй арганізатарам выставы. Нам было вельмі цікава. Мікалай Уладзіміравіч – талантлівы мастак. Прыемна акунуцца ў свет аўтара, зірнуць на прыроду і людзей яго вачыма. Наведаўшы выставу, мы з жонкай атрымалі вялікае задавальненне, адпачылі душой. Выстава выклікае пачуццё ўтульнасці і спакою. Жадаем Мікалаю Уладзіміравічу моцнага здароўя, дабрабыту і творчых поспехаў!

Жыхар г.п. В. Бераставіца Анатоль Давыдзік побач з партрэтам свайго сына, палкоўніка юстыцыі Федэральнай службы судовых прыставаў Валянціна Давыдзіка, які жыве і працуе ў г. Калінінградзе

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *