У Вялікай Бераставіцы адкрылася рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і Спадарыні Завірухі (+відэа)

Актуально События года

На тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі” сёння было вельмі ажыўлена. Тут адкрылася сядзіба міфалагічнага валадара халадоў, беларускага Дзеда Мароза – Зюзі.

Шматлікія госці мерапрыемства сабраліся каля святочна ўпрыгожанага ўвахода на тэрыторыю лагера. Побач з варотамі на ўваходзе чакаў вялізны дракон з металічных канструкцый – падарунак нашага земляка з Пархімаўцаў Уладзіміра Сыраквашына. Да наведвальнікаў рэзідэнцыі выйшлі казачныя персанажы Вавёрка і вартавыя Снегавікі. Нарэшце, калі чароўныя вароты адчыніліся, бераставіцкі сімвал Вавёрка правяла наведвальнікаў да летняй эстрады. З прывітальнымі словамі да гасцей звярнуліся Спадарыня Завіруха са Снегавікамі. А неўзабаве з’явіўся і галоўны герой свята – Зюзя. Ён падзякаваў гаспадарам за гасціннасць і ветлівасць. Потым на сцэну падняўся намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама Сяргей Чыкун і ўручыў Бераст-Зюзі сімвалічны ключ ад рэзідэнцыі.

Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця гасцей свята запрасілі наведаць тэматычныя пляцоўкі. Каб папасці ў рэзідэнцыю Зюзі трэба было прайсці выпрабаванні на ўсіх пляцоўках.   Першай на шляху аказалася кірмашовая пляцоўка аддзела рамёстваў. Наведвальнікам  прапанавалі тут майстар-клас па вырабу навагодніх сувеніраў, навагоднюю бяспройгрышную латарэю. Была арганізавана і выстава-продаж навагодняй сувенірнай прадукцыі.

Побач размясцілася гульнёвая пляцоўка Бабы Ягі, Лешыка, Хапуна і Пачвары. Дзеці з задавальненнем гулялі ў «Шышкабол»,  скакалі на мятле Бабы Ягі і спрабавалі з завязанымі вачыма паставіць чыгунок у печ.

Потым былі  «Чароўны калодзеж» і «Магічнае дрэва» на “Козкіным двары”, дзе гасцей сустракала Каза і вадзіла з імі вакол елкі карагод. А на развітанне запрасіла абавязкова заглянуць у чароўны калодзеж, кінуць туды манетку і пацерці чароўны званочак, каб   загадаць сваё самае патаемнае жаданне.

Завіталі госці і на музейную навагоднюю выставу “Казачныя гісторыі”, якую арганізаваў Музей Вавёркі.

Мабыць, найбольш сур’ёзныя выпрабаванні давялося прайсці жадаючым сустрэцца с Зюзяй і Спадарыняй Завірухай на пляцоўцы, дзе гасападарылі “Злыдні”.

І вось нарэшце ўсе выпрабаванні наведвальнікі вытрымалі і апынуліся ва ўтульнай рэзідэнцыі Зюзі і Спадарыні Завірухі. Хтосьці на вушка выказаў пажаданне беларускаму Дзеду Марозу, а некаторыя вырашылі аформіць іх пісьмова і апусцілі канверт у чырвоную скрыню.

А завяршылася свята карагодам вакол ёлкі.

Сяргей Хілюта, фота аўтара

Відэа Віктара Фрыдэля



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *