У Вялікай Бераставіцы адкрываецца прыватная футбольная школа

Лента новостей

У верасні гэтага года індывідуальны прадпрымальнік з Ашмян, кіраўнік футбольнай акадэміі “Fair Play”  Аляксандр Кушнер у партнёрстве з Асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола” адчыняюць футбольную школу для хлопцаў і дзяўчат у Вялікай Бераставіцы. Ідэя гэта цікавая, тым больш што ў гарадскім пасёлку навучанне гэтай спартыўнай гульне прадугледжана толькі ў факультатыўнай ці гуртковай форме ў Вялікабераставіцкай СШ. Сёння мы гутарым з Аляксандрам пра яго праект і тыя магчымасці, якія з’явяцца ў юных аматараў футболу Бераставіччыны з адкрыццём футбольнай школы.

Аляксандр, раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, што ж  гэта за футбольная акадэмія такая?

– Футбольная акадэмія “Fair Play” распачала сваю дзейнасць у Ашмянах ў лістападзе 2012 года. Мы былі першай прыватнай футбольнай школай, якая пачала сваю працу ў Гродзенскай вобласці, і адной з першых на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ужо ў першы месяц заняткаў у трох камандах футбольнай школы трэніраваліся больш за 70 дзяцей. У 2015 годзе ўсе каманды футбольнай акадэміі прынялі ўдзел у першых для сябе міжнародных спаборніцтвах Utenis Cup   у літоўскім горадзе Уцену, дзе нашы маленькія “акадэмікі” 2007-2008 гадоў нараджэння занялі ганаровае 2-ое месца. У 2016-м мы адгулялі на турніры ў Латвіі ў г. Даўгавпілс, а таксама на турніры ў Літве ў г. Вільнюс. Гэтай вясной узняліся на “срэбную” прыступку турніра ў Даўгавпілсе.

– Якім чынам складваюцца вашы адносіны з АсацыяцыяйБеларуская федэрацыя футбола”?

– Футбольная акадэмія “Fair Play” здолела на працягу больш чым пяці гадоў працы ўсталяваць партнёрскія адносіны з АБФФ. Галоўная футбольная структура краіны на сённяшні дзень з’яўляецца нашым асноўным партнёрам. Гэтае партнёрства з’яўляецца для нас вельмі істотным фактарам. Мы сумесна з АБФФ правялі больш за 30 вялікіх футбольных турніраў для дзяцей, як сярод дзяржаўных ДЮСШ, СДЮШАР і прыватных футбольных школ, так і сярод навучальных устаноў Ашмян і Ашмянскага раёна.

Адным з галоўных вынікаў партнёрства з АБФФ стала адкрыццё другой па ліку школы ў Астраўцы. У рамках нашага супрацоўніцтва перад юнымі футбалістамі і іх трэнерамі з’явяцца новыя магчымасці. У першую чаргу дзеткі будуць забяспечаны якасным інвентаром і экіпіроўкай. Акрамя гэтага плануецца, што дзеці, якія будуць дэманстраваць добрую і выніковую гульню, атрымаюць магчымасць пасля 7-га класа трапіць у склад каманд Акадэміі АБФФ у Мінску, дзе яны будуць пражываць, харчавацца, навучацца і трэніравацца на базе Тэхнічнага цэнтра АБФФ з перспектывай стаць членамі зборных Беларусі рознага ўзросту. Для дзяцей, якія па аб’ектыўных прычынах будуць яшчэ не гатовыя да пераезду ў Мінск, прадугледжана пастаянная трэніровачная і гульнявая практыка.

Трэнеры будуць забяспечаны экіпіроўкай, а таксама атрымаюць магчымасць бясплатнага навучання з атрыманнем трэнерскай ліцэнзіі UEFA.

– Адкрыццё школы ў Вялікай Бераставіцы гэта працяг плённага партнёрства АБФФ і “Fair Play”?

– Так, гэта наш планавы рух наперад у межах праекта “Мой футбольны клуб” і пагаднення аб супрацоўніцтве. Сетка такіх школ будзе адкрывацца па ўсёй Беларусі. 

 

– Дзяцей якога ўзросту вы набіраеце ў падрыхтоўчыя групы?

– На дадзены момант ідзе набор па наступных узроставых катэгорыях хлопчыкаў і дзяўчат: 2005-2006, 2007-2008, 2009-2010, 2011-2012, 2013-2014 гадоў нараджэння.

Якімі прынцыпамі вы кіруецеся ў сваёй працы з дзецьмі?

– У футбольнай акадэміі навучальны працэс пабудаваны такім чынам, каб дзіця з задавальненнем наведвала трэніроўкі. Наша місія – выклікаць у дзяцей захапленне футболам, якое паспрыяе іх гарманічнаму развіццю ў духоўным і фізічным плане, а таксама паўплывае на выхаванне іх як паўнавартасных, усебакова развітых асоб, адаптаваных да жыцця не толькі ў футболе. Мы ганарымся тым, што ў “FAIR PLAY” адсутнічае адбор, паколькі кожнае дзіця мае права праявіць сябе.

Пры падрыхтоўцы мы звяртаем і на паступовасць у развіцці футбольнага майстэрства нашых выхаванцаў. У сваёй працы арыентуемся на вопыт вядучых футбольных краін і ставім на мэце развіццё масавага футбола, які з’яўляецца перадумовай паспяховага развіцця футбола прафесійнага.

Прывёўшы сваё дзіця ў футбольную акадэмію “FAIR PLAY”, бацькі могуць быць упэўнены, што іх дзіця ў надзейных руках, і мы прыкладзём максімум намаганняў дзеля ажыццяўлення яго футбольных мараў.

– Якім чынам можна атрымаць дадатковую інфармацыю аб дзейнасці футбольнай акадэміі “Fair Play” і запісаць дзіця ў футбольную школу?   

– У выпадку ўзнікнення дадатковых пытанняў, якія датычацца запісу ў футбольную акадэмію, арганізацыі трэніровачнага працэсу, аплаты за трэніроўкі і г.д., званіце па тэлефонах +375 29 6665484 (VELCOM) альбо +375 33 3665484 (MTС). Таксама раю наведаць наш сайт www.fair-play.by

 

Даведка: Аляксандр Кушнер. У свой час прафесійны футбаліст, член юніорскай зборнай Беларусі, неаднаразовы пераможца першынства Мінска і ўладальнік  кубка «Хрустальны мяч». Выпускнік БДУФКіС (2004 г.), трэнерскі факультэт, спецыялізацыя «Футбол».

Удзельнік семінараў АБФФ па масавым футболе. Удзельнік праграмы абмену «МОСТ» па развіцці дзіцячага і масавага футбола ў Германіі. Стажыраваўся ў футбольным клубе SV Rot-Weiß Viktoria Mitte 08 e.V. у Германіі. Прайшоў навучанне і атрымаў трэнерскую ліцэнзію UEFA-D.

Да друку падрыхтавала Святлана Ганчарова

 

 

 

 

 

 

                     

 

 

 

 

    

 

 

 

 

    

 

   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *