У Вялікай Бераставіцы адзначылі ўрачыстасць Перамянення Пана

Лента новостей

5 – 6 жніўня ў парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы прайшоў адпустовы фэст у гонар урачыстасці  Перамянення Пана. Удзел у святочных мерапрыемствах прыняў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Пачаліся  парафіяльныя мерапрыемствы  ў суботу, 5 жніўня, на мясцовых могілках, дзе вернікі разам з айцом-пробашчам  Вальдэмарам Слотам і біскупам  Юзафам Станеўскім памаліліся на месцы будучай капліцы, фундамент якой ужо ўзведзены, а таксама  атулілі сваімі малітвамі душы  памерлых продкаў, якія спачываюць у гэтым святым месцы.

Далей усіх чакаў святочны канцэрт у амфітэатры гарадскога пасёлка, падрыхтаваны дзецьмі і моладдзю парафіі, на які сабралася шмат жыхароў і гасцей Вялікай Бераставіцы.  З вялікім захапленнем усе прысутныя слухалі выступленне самых маленькіх вернікаў парафіі, а таксама моладзевага  гурта “Гук Хвалы”. Канцэрт  стаў сапраўдным часам хвалы Пану Богу і падзякі за Яго прысутнасць у нашым жыцці.

— Я проста  ў захапленні ад канцэрта, — падзяліўся са мной  сваімі ўражаннямі біскуп Юзаф Станеўскі, —   Гэта цудоўна, калі столькі людзей  разам славяць  Бога, як бы адным сэрцам, аднымі вуснамі,  гэта прыдае ўсім  радасці і бадзёрасці. Добра, што такія вечары ладзяцца ў нашых парафіях, бо гэта дае магчымасць кожнаму  выказаць сваю веру і  падзяліцца ёй з іншымі.  

Вечарам парафіяне адправіліся на святую Імшу-пастэрку, перад якой усіх чакала яшчэ Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўсеагульная споведзь, якая, дарэчы, працягнулася і пасля заканчэння святой Імшы, ператварыўшыся ў сапраўдную ноч канфесіяналаў.

У нядзелю, 6 жніўня, непасрэдна ў дзень самой урачыстасці Перамянення Пана, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі таксама ўзначаліў урачыстую святую Імшу.  У гаміліі ён пажадаў вернікам Вялікай Бераставіцы, каб яны, за прыкладам Езуса Хрыста, пастаянна перамянялі сябе, сваё жыццё, свае сэрцы і імкнуліся да святасці.  

Пасля  заканчэння  Імшы біскуп асвяціў аўтамабілі вернікаў парафіі.

Ірына Міклаш, фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *