Святкаванне галоўнага свята краіны ў раённым цэнтры традыцыйна адбылося каля помніка воіну-вызваліцелю. На ўрачыстае мерапрыемства з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь тут сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны, моладзь і школьнікі, а таксама жыхары і госці Вялікай Бераставіцы.
Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена старшыні СВК імя Варанецкага Іосіфу Коласу, пераможцы раённага спаборніцтва сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна за 2014 год, і лепшым па прафесіі — дырэктару Макараўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Паўлу Панкевічу і вядучаму эканамісту Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства Зоі Цярэшчанка.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён адзначыў, у прыватнасці, што па волі нашага народа галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці адзначаецца ў дзень вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты дзень мы аддаем даніну глыбокай павагі ветэранам за беззапаветную любоў, адданасць Айчыне, за мужнасць, стойкасць, праяўленыя ў барацьбе за мір і шчасце беларускага народа.
— Мы выказваем удзячнасць за добрасумленную плённую працу землякам, якія працавалі ў пасляваенны час, — сказаў далей Антон Станіслававіч. — Галоўнае багацце раёна – гэта людзі. Вы, дарагія бераставічане, – працалюбівыя, таленавітыя, вызначаецеся асаблівай цеплынёй душы, гасціннасцю, любіце свой край і паважаеце яго гісторыю.
Старшыня райвыканкама выказаў бераставічанам ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і пажадаў усім моцнага здароўя, поспехаў і дабрабыту, стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, новых здзяйсненняў на блага моцнай і мірнай Беларусі.
Са словамі віншаванняў і найлепшых пажаданняў звярнуліся да прысутных дырэктар Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В. Прытыцкага Наталля Пачобут і галоўны спецыяліст фінансавага аддзела райвыканкама Аляксандр Клімко.
Як даніна павагі загінуўшым у гады вайны да помніка воіну-вызваліцелю былі ўскладзены жывыя кветкі. Прагрымеў святочны салют.
Затым адбылося ўшанаванне лепшых працоўных калектываў і працаўнікоў раёна па выніках спаборніцтва за мінулы год. За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі прэзідыумам раённага Савета дэпутатаў і раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб занясенні на раённую Дошку гонару СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы” і “Малабераставіцкі элітгас”, якія занялі адпаведна 1-ае, 2-ое і 3-яе месцы ў спаборніцтве. Старшыням гаспадарак былі ўручаны адпаведныя пасведчанні. Пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку гонару атрымалі таксама пераможцы ў індывідуальным спаборніцтве за званне “Лепшы па прафесіі”.
Сяргей Хілюта
Святкаванне Дня Рэспублікі прадоўжылася ў гарадскім скверы. Тут працавалі гандлёвыя кропкі Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Жадаючыя маглі набыць шашлык, мясныя прысмакі, выпечку і салодкасці. Дзяцей нельга было адцягнуць ад батута і горак, палатак з цацкамі, салодкай ватай і поп-корнам. А паштавікі наладзілі дзень падпісчыка, падчас якога можна было выпісаць як рэспубліканскія і абласныя выданні, так і “раёнку”. І, трэба адзначыць, многія бераставічане, скарысталіся такой магчымасцю.
Прыхільнікаў інструментальнай музыкі сабрала выступленне народнага ансамбля настаўнікаў Пагранічнага філіяла Бераставіцкай ДШМ “Вереск” (кіраўнік Святлана Баран). На працягу гадзіны ў выкананні музыкантаў гучалі папулярныя творы. Прыемныя і знаёмыя мелодыі, цікавае спалучэнне класічных народных і электраінструментаў стваралі прыўзняты святочны настрой і спрыялі адпачынку.
Святочны канцэрт з удзелам народных калектываў і асобных выканаўцаў Бераставіччыны падарыў жыхарам і гасцям гарпасёлка нямала прыемных эмоцый. Усе песні і словы, якія гучалі са сцэны амфітэатра ў гэты цёплы ліпеньскі вечар, былі прасякнуты шчырай любоўю да роднай зямлі, удзячнасцю ветэранам за мір, спакой і незалежнасць, павагай да чалавека працы і гонарам за нашу дзяржаву, у якой створаны ўсе магчымасці для таго, каб дастойна жыць, выхоўваць дзяцей і рэалізоўваць сябе ў прафесіі. Выступалі народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” раённага Дома культуры (кіраўнік Юрый Заяц), народны ансамбль польскай песні Макараўскага Дома нацыянальных культур “Стокроткі” (кіраўнік Вікторыя Бажко), работнікі ўстаноў культуры раёна Андрэй Аруткін, Сяргей Хілюта, Кацярына Ганчарова, Аляксандр і Алена Бутрылы, Алег Зайцаў, Антон Бажко, удзельнікі аматарскай творчасці Наталля Траццякова, Анастасія Мартыш, Віялета Шуміла, Яўген Салавей, Святлана Розэль, Аляксей Кавалевіч, Яўген Шапавалаў і юныя спевакі Аляксей Рыгосік, Паліна Хасанава, Ганна Зязюля, вакальная група “Салавейкі” ў складзе Вольгі і Ксеніі Карпач, Карыны Качанавай і Анастасіі Барэль. Вядучыя канцэртнай праграмы – хармайстар РДК Андрэй Аруткін і рэжысёр аддзела па рабоце з моладдзю гэтай установы культуры Аляксандра Міцкевіч.
Пасля канцэрта адбылася адкрытая дыскатэка на летняй пляцоўцы ў скверы. Завяршылася галоўнае свята нашай краіны традыцыйнай рэспубліканскай акцыяй “Спяваем гімн разам” і святочным феерверкам.
Святлана Ганчарова
Фота Сяргея Хілюты і Святланы Ганчаровай