У Вялікабераставіцкім яслях – садзе прывіваюць любоў да беларускай культуры і традыцый

Лента новостей

Вывучэнне роднай мовы, культуры і гісторыі свайго народа з’яўляецца важным момантам для выхавання паўнацэннай асобы. Асабліва гэта датычыцца ранняга ўзросту, калі закладваецца фундамент сістэмы каштоўнасцей кожнага чалавека.

Гэта выдатна разумеюць у Вялікабераставіцкім яслях – садзе і ўдзяляюць вялікую ўвагу прывіццю сваім выхаванцам любові да роднай мовы, традыцый і культуры беларусаў.
Раней гэтая дашкольная ўстанова была поўнасцю беларускамоўнай, але з улікам таго, што дзецям пасля беларускага садка складана пачынаць рускамоўнае навучанне ў школе, было прынята рашэнне перайсці на рускую мову. Але тым не менш ад роднай мовы ва ўстанове не адмовіліся, адзін дзень у тыдзень з’яўляецца поўнасцю беларускамоўным: і выхавацелі, і дзеці размаўляюць пераважна па-беларуску, усе заняткі праводзяцца на беларускай мове.
У канцы лістапада выхаванцы старэйшых груп прадэманстравалі перад бацькамі сваё веданне мовы і культуры беларускага народа.
Фальклорнае свята “Кірмаш” праводзілася ў старэйшай групе №11 (выхавацелі Жанна Конік і Зоя Беліда). Сумесна з бацькамі выхавацелі арганізавалі выставу народнай творчасці, на якой былі прадстаўлены беларускія ручнікі, сурвэткі, вышыванкі, зробленыя сваімі рукамі, і іншыя цікавыя вырабы, падрыхтаваны пачастунак на кірмаш. Дзеці танцавалі беларускія народныя танцы, спявалі беларускія песні, ігралі на народных інструментах. У госці да выхаванцаў садка завітаў Дзед Барадзед, які задаваў дзецям пытанні аб роднай Беларусі, аб Бераставіцы, слухаў у іх выкананні вершы і песні.
А ў групе №10 (выхавацель Раіса Масюк) гасцей сабрала літаратурная гасцёўня, прысвечаная 130-гадоваму юбілею беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Дзеці змаглі пазнаёміцца з выставай кніг знакамітых беларускіх пісьменнікаў, чыталі іх вершы, спявалі песні, на прыкладзе вядомых беларускіх твораў пазнавалі прыгажосць роднага слова.
І выхавацелі, і музычныя работнікі дашкольнай установы стараюцца зацікавіць такімі мерапрыемствамі выхаванцаў ясляў – сада і робяць усё магчымае, каб яны адчувалі сваю прыналежнасць да беларускага народа, любілі і паважалі яго традыцыі.
На здымку: на “Кірмашы” ў группе №11.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *