У Вербную нядзелю ў Вялікай Бераставіцы адбыўся тэатралізаваны Крыжовы шлях

Лента новостей

9 красавіка, у Вербную нядзелю, вернікі Бераставіцкага дэканата прайшлі Крыжовым шляхам па вуліцах раённага цэнтра.

На працягу ўжо чатырох гадоў на інсцэніраваны Крыжовы шлях збіраюцца не толькі жыхары Вялікай Бераставіцы, але вернікі і святары з суседніх парафій, два гады запар прымае ўдзел у гэтым жалобным набажэнстве ў нашым гарадскім пасёлку і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Сёлета пакутны шлях, які інсцэніраваў евангельскія сцэны апошніх момантаў зямнога жыцця Езуса Хрыста, праходзіў пад знакам малітоўнай  падтрымкі праследаваных ва ўсім свеце  хрысціян.

З крыжамі і запаленымі свечкамі людзі выйшлі на вуліцы, каб прайсці Крыжовы шлях разам з Езусам, аддаючы Яму свае праблемы і адкрываючы сэрцы на Яго міласэрнасць.
Сцэны мукі і смерці Хрыста былі інсцэніраваны на 14 прыпынках, якія далі магчымасць прысутным глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за нашы грахі.

Дзякуючы прысутнасці святароў, кожны жадаючы падчас Крыжовага шляху мог прыняць сакрамэнт пакаяння.

На заканчэнне набажэнства  дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі падзякаваў усім, хто рыхтаваў гэтую  тэатралізаваную містэрыю, і тым, хто сваёй прысутнасцю на ёй адкрыта даў сведчанне ўласнай веры, якая не баіцца крыжа, не баіцца здзекаў і асуджэння, і заклікаў заставацца вернымі ёй у сваім штодзённым жыцці.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *