“З песняй па жыцці…” – пад такой назвай у чацвер, 19 лютага, адбыўся раённы этап абласнога конкурсу патрыятычнай песні, заснаванага Гродзенскім абласным камітэтам ГА “БРСМ”. На раённым узроўні праслухоўванні канкурсантаў праводзяць члены райкама ГА “БРСМ” і прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Членам журы ў складзе першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Ірыны Крывапляс, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціны Сулаўка, дырэктара РМЦ НТ Алены Місюлі, метадыстаў РМЦ НТ Юліі Атрушкевіч і Кацярыны Ганчаровай, а таксама хормайстра РДК Андрэя Аруткіна неабходна было вызначыць самага лепшага юнага выканаўцу, які 5 сакавіка прадставіць наш раён на абласным конкурсе ў Гродне.
Конкурс гэты традыцыйны. Ён праходзіць ужо звыш дзесяці гадоў і з’яўляецца не толькі выдатным сродкам прапаганды патрыятычнай песні, але і ўвогуле аказвае ўплыў на выхаванне ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму, як важнейшай духоўнай і сацыяльнай каштоўнасці.
Сёлета на сцэне раённага Дома культуры ў намінацыях “саліст” і “вакальная група, трыо, дуэт” выступілі 14 канкурсантаў. Сваіх удзельнікаў прадставілі ўстановы культуры з усіх аграгародкоў і райцэнтра. Сярод канкурсантаў – школьнікі, працоўная моладзь. Салісты і ўдзельнікі ансамбляў выконвалі па дзве кампазіцыі, адна з якіх – абавязкова грамадзянска-патрыятычнага характару. Юнакі і дзяўчаты спявалі песні пра любоў да Радзімы, да роднай зямлі. Са сцэны гучалі і творы, прысвечаныя ваеннай тэматыцы, памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Вакальныя нумары ўсіх канкурсантаў вызначаліся шчырасцю і душэўнасцю выканання, пэўнай эмацыянальнасцю. Аднак найбольш артыстычна і якасна выступіла ўдзельніца аматарскай творчасці Канюхоўскага СДК Валерыя Кузьма. Менавіта яе выступленне журы прызнала лепшым і прысудзіла Валерыі “гран-пры” раённага конкурсу. Першае месца ў намінацыі “саліст” па праву заняў удзельнік аматарскай творчасці РДК Аляксей Кавалевіч, які, дарэчы, прадстаўляў наш раён на мінулагоднім абласным конкурсе патрыятычнай песні і стаў уладальнікам дыплома III ступені. Другое месца прысуджана юнай спявачцы са Старога Дворца Елізавеце Жук, трэцяе – акампаніятару Макараўскага Дома нацыянальных культур Антону Бажко. Сярод ансамбляў лепшым прызнаны вакальныя групы Макараўскага Дома нацыянальных культур (I месца) і Вялікаэйсмантаўскай СШ (II месца). Супрацоўнік РАНС Яўген Шапавалаў атрымаў прыз сімпатый гледачоў.
Усе канкурсанты адзначаны Падзячнымі лістамі райкама ГА “БРСМ” за ўдзел у раённым конкурсе. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад райкама ГА “БРСМ” і аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Святлана Ганчарова, фота аўтара