3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у раённым цэнтры каля помніка воіну-вызваліцеля прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, ветэраны, моладзь і школьнікі, а таксама жыхары і госці Вялікай Бераставіцы сабраліся на ўрачысты мітынг.
Ганаровае права падняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена лепшым па прафесіі — галоўнаму бухгалтару СВК “Макараўцы” Алене Жвалеўскай, урачу-педыятру Бераставіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Наталлі Маршанюк, вядучаму інжынеру Бераставіцкага вузла электрасувязі, дэлегату пятага Усебеларускага народнага сходу Юрыю Леванені.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч. Ён адзначыў, у прыватнасці, што гэта свята аб’ядноўвае ўсіх, хто шануе слаўную гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе годную будучыню. Яно сімвалізуе гераізм, стойкасць, бяспрыкладную мужнасць і веліч духу нашага народа, які выстаяў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пабудаваў моцную суверэнную дзяржаву.
— У гэты дзень мы выказваем глыбокую ўдзячнасць франтавікам, партызанам і падпольшчыкам, працаўнікам тылу, — сказаў далей Антон Станіслававіч. — Усім, каму давялося прайсці праз агонь жорсткіх бітваў, цяжкую працу дзеля будучыні роднай зямлі. Мы ніколі не забудзем, каму абавязаны шчасцем жыць у вольнай краіне, спакойна гадаваць дзяцей і мірна працаваць.
Закладзеныя традыцыі дзесяцігоддзямі беражліва захоўваюцца і прымнажаюцца маладым пакаленнем, якое прыходзіць на змену, ствараючы трывалы падмурак далейшага росквіту Береставіччыны.
Старшыня райвыканкама выказаў бераставічанам ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў шчырыя віншаванні з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і пажадаў усім здароўя, поспехаў, стабільнасці, упэўненасці ў сваіх сілах і заўтрашнім дні, новых здзяйсненняў на карысць моцнай і мірнай Беларусі.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка воіну-вызваліцелю, ушанавалі загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны мінутай маўчання. Прагрымеў святочны салют.
Затым адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў раёна па выніках спаборніцтва за мінулы год, якія занесены ў адпаведнасці з рашэннем прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта на раённую Дошку гонару.
Святкаванне галоўнага свята краіны прадоўжылася ў гарадскім скверы імя 500-годдзя заснавання Вялікай Бераставіцы. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, людзей сабралася тут вельмі шмат. Канцэртную праграму на сцэне летняга амфітэатра адкрыў узорны эстрадна-інструментальны ансамбль “Tutti”. А затым на сцэну выйшла зорка расійскага шансона Рада Рай. На працягу паўтарох гадзін яна выступіла з сольным канцэртам “Усё скажа музыка за нас…”. Выступленне вядомай спявачкі прысутныя слухалі з вялікім задавальненнем пад парасонамі, і толькі напрыканцы надвор’е наладзілася, скрозь густыя цёмныя хмары пачало прабівацца крыху сонца.
Цікавую канцэртную праграму пад назвай “Квітней, спявай, мой родны край!” падрыхтавалі і мясцовыя артысты.
Падчас свята ў скверы працавалі гандлёвыя кропкі, дзіцячыя атракцыёны, горад майстроў “Народная творчасць – крыніца натхнення”. Для маленькіх гасцей была арганізавана дзіцячая пляцоўка “Дзяцінства ў фарбах лета”.
Завяршылася мерапрыемства святочнай дыскатэкай і акцыяй “Праспяваем гімн разам”.
Сяргей Хілюта, фота аўтара