У Бераставіцкі яслі-сад дзеці ідуць з радасцю

Лента новостей Образование

Амаль для кожнага дзіцяці дашкольная ўстанова стано­віцца другім домам: тут хлоп­чыкі і дзяўчынкі праводзяць значную частку свайго часу. Таму бацькам хочацца, каб у садку, як і дома, ім было камфортна і ўтульна, каб яны былі акружаны любоўю, увагай і клопатам.

У Вялікабераставіцкі яслі-сад дзеці ідуць з радасцю. Тут працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а дзякуючы клопату кіраўніцтва раёна за апошнія некалькі гадоў адбылася паэтапная рэканструкцыя будынка і добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

Было праведзена абнаўленне харчовага блока, дзе пракладзена новая электраправодка і закуплена кухоннае абсталяванне. Сёння прыгатаванне ежы для малых вядзецца ў камфортных умовах на новых электраплітах. Зроблены  рамонт фасада – яго тынкоўка і афарбоўка – і будынак зайграў яркімі сонечнымі фарбамі, як і належыць дзіцячай установе.

Найбольшыя ж пераўтварэнні адбыліся на дзіцячых пляцоўках для гульняў і адпачынку выхаванцаў. Ужо цяжка ўспомніць, што тут было раней. З’явіліся яркія сучасныя арэлі, горкі і комплексы, пясочніцы, лаўкі.Абста­ляванне аформлена спе­цыяльна для дзіцячага ўзросту з выкарыстаннем гуль­нявых воб­разаў і персанажаў. Бавіць час на свежым паветры дзецям цяпер весела і цікава. Дарэчы, добраўпарадкаванне пляцовак гульнявым абсталяваннем і малымі архітэктурнымі формамі яшчэ працягваецца. Літаральна на днях будуць устаноўлены новыя лаўкі са столікамі, домікі, арэлі.

Яшчэ адна зручнасць для выхаванцаў – прасторныя веранды, пакрытыя маляўнічым металапрофілем, дзе можна не толькі перачакаць дожджык ці схавацца ад сонца, але і памаляваць мялкамі на дошцы або за партамі, ці проста адпачыць.

Акрамя таго, зроблены новыя пешаходныя дарожкі з тратуарнай пліткі, на бегавой дарожцы прадугледжана гумовае пакрыццё. Праведзена азеляненне тэрыторыі. Будынак Вялікабераставіцкага ясляў-сада стаў сапраўдным упрыгожаннем райцэнтра.

Святлана Саннікава, мама Цімура, выхаванца 4-й групы Вялікабераставіцкага ясляў-сада:

– Майму сыну  ў дзіцячым садку вельмі падабаецца, ён з задавальненнем і жаданнем наведвае дашкольную ўстанову. Безумоўна, у гэтым заслуга выхавальніц Ганны Барцэвіч і Анжалікі Кушмар, памочніка выхавацеля Веранікі Якуты. Але ад гульняў на абноўленай дзіцячай пляцоўцы Цімур заўсёды пад моцным уражаннем. Нават старэйшая дачка Дар’я, прыходзячы  са мной за братам, не можа ўтрымацца, каб не пакатацца на арэлях або з’ехаць з горкі. Калі яна наведвала дзіцячы садок, такога абсталявання яшчэ не было. Кардынальныя змены відавочныя. Радуе, што ў нашай дзяржаве клапоцяцца аб належным выхаванні і адукацыі падрастаючага пакалення, ствараюць ўмовы для камфортнага пражывання маладых сем’яў не толькі ў гарадах, але і ў невялікіх населеных пунктах.

Святлана Ганчарова,  фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *