У Бераставіцкім раёне ўбіраюць кукурузу

Лента новостей Сельское хозяйство

Сёння кожны, нават адарваны ад тэлебачання і сацыяльных сетак чалавек, ведае, дзякуючы якой асобе на тэрыторыі вялікай, а цяпер ужо былой дзяржавы, з’явілася кукуруза. Гэтая інфармацыя сустракалася і ў школьных падручніках па гісторыі. Для тых, хто запамятаваў, нагадаю, што ўпершыню пытанне аб неабходнасці шырокамаштабнага распаўсюджвання пасеваў кукурузы Мікіта Хрушчоў падняў на пленуме ЦК КПСС у 1954 годзе. А значнасць яе ў сельскагаспадарчай вытворчасці бясспрэчная і зараз.
Вырошчванню каштоўнай збожжавай і кармавой культуры вялікую ўвагу надаюць усе сельгаспрадпрыемствы Бераставіцкага раёна. Да прыкладу, толькі ў РСУП “Алекшыцы” плошчы яе пасеваў займаюць 896 гектараў, з якіх 335 га адведзена пад вырошчванне на зерне і 561 га – на сілас.
Па словах галоўнага агранома РСУП “Алекшыцы” Генадзя Здановіча, уборка кукурузы на палетках распачалася ў мінулую суботу. Пакуль яна скошваецца на закладку сіласу.
Апошнія гады ў сельгаспрадпрыемстве аддаюць перавагу такім гатункам кукурузы беларускай селекцыі, як “палескі 212 СВ” і “палтава”, бо яны характарызуюцца добрай устойлівасцю да засухі, халадоў, а таксама палягання. Да таго ж абодва гатункі сіласна-збожжавага накірунку, але з розным перыядам паспявання. І гэта добры плюс, бо такая асаблівасць дазваляе працаўнікам убіраць ураджай паступова і без накладак.
— На 13 верасня кукуруза ўжо скошана на 18 працэнтах плошчаў, – дадае Генадзь Генадзьевіч. – На сілас закладзена 4000 тон, пры гэтым ураджайнасць зялёнай масы складае 400 цэнтнераў з гектара. Прагназуем, што на іншых участках яна будзе вышэйшая.
А пакуль на палетках, нібы ў мурашніку, няспынна бурліць жыццё, запоўненыя здробленай кукурузнай масай аўтамашыны, імгненна змяняюць адна адну. Вядома, што без належнай механізацыі атрымаць добрыя ўраджаі немагчыма, таму ў сельгаспрадпрыемстве на адвозцы задзейнічана восем аўтамашын, а па сіласных траншэях хутка снуюць два кормаўборачныя камбайны “Ягуар” і “Палессе”. Кіраванне гэтымі магутнымі машынамі, якія дазваляюць зрэзваць сцёблы кукурузы чыста і на аднолькавай вышыні, у РСУП “Алекшыцы” даверылі вопытным камбайнерам – Аляксандру Лашэвічу і Івану Зыгмунду.
Хутка працаўнікі прыступяць і да ўборкі кукурузы на зерне, бо пакідаць яе на палетках ажно да позняй восені непажадана, так як першыя замаразкі ды дажджлівае надвор’е дрэнна ўплываюць на кармавую каштоўнасць прадукту.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *