У Бераставіцкім раёне ўбіраюць «другі хлеб»

Лента новостей

IMG_4208 IMG_4219Добра капаць бульбу ў цёплыя восеньскія дзянькі, калі сама прырода, быццам разумеючы важнасць уборкі ўраджаю, ідзе насустрач рупліваму чалавеку. А ў пятніцу, калі мне давялося пабываць на шчодрай бульбяной ніве ў СВК “Алекшыцы”, было нават больш за 25 градусаў, хаця на полі гэта зусім не адчувалася. Надвор’е было як раз для такой работы, лагоднае, прыемнае і прыдатнае.
Добры быў і настрой у людзей. Галоўны аграном гаспадаркі Генадзь Здановіч расказаў, што ўбраць трэба 20 гектараў “другога хлеба”, а на ранак у пятніцу ўжо было ўбрана 12 з паловай гектараў. За рулём трактара МТЗ-82 з капалкай працаваў механізатар Віктар Сутоцкі, а збіралі бульбу прыезджыя са Столінскага раёна. Усяго іх прыехала ў СВК “Алекшыцы” 19 чалавек. Людзі гэтыя сказалі шмат цёплых слоў у адрас кіраўніцтва і калектыву гаспадаркі. Жыхары Століншчыны Васіль Шыкунец, Таццяна Лункіна і Анжэла Цвёрдахлебава падзяліліся са мной сваёй шчырай радасцю, што трапілі ў такое добрае месца. Сустрэлі столінцаў гасцінна, вельмі добразычліва, паклапаціліся пра зручнае размяшчэнне, смачна кормяць. А працаваць добра і таму, што бульба ўрадзіла, вялікую і збіраць лягчэй, вёдры і кошыкі хутка напаўняюцца.
Перспектыўныя айчынныя гатункі “другога хлеба” Янка, Уладар і Скарб не падвялі. Сярэдняя ўраджайнасць тут 311 цэнтнераў з гектара. Найлепш праявіў свой багаты патэнцыял Янка.
А аддзячыў “другі хлеб” алекшыцкім земляробам за тое, што захоўваюць севазвароты з добрымі папярэднікамі, своечасова ўносяць арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, апрацоўваюць “капрызную культуру” супраць фітафторы і каларадскага жука. Ад фітафторы апрацавалі тут 4 разы, ад жука толькі раз. Генадзь Здановіч гаворыць, што на дзіва, прагнага шкодніка ў гэтым годзе на бульбяной ніве амаль не было, магчыма, спёку ён не любіць. А бульбе спёка не пашкодзіла, яе карані ўмеюць рацыянальна выкарыстоўваць вільгаць.
Магчыма, нехта з нашых чытачоў падумае, ці не шкодна есці бульбу, якую столькі разоў апрацоўвалі? Галоўны аграном адказаў і на гэтае “каверзнае” пытанне. Сучасныя прэпараты накіраванага ўздзеяння праз пэўны час, пакуль прыйдзе пара збіраць ураджай, у глебе распадаюцца. А для тых, хто сумняваецца, прывёў яшчэ адзін важкі довад. Якасць “на павер” зараз ніхто не прымае, для сельгаспрадукцыі ёсць свае стандарты, як напрыклад, для малака. Клубні бульбы з СВК “Алекшыцы” праверылі на якасць у лабараторыі ў Гродне. Можна не сумнявацца, нітратаў, рэшткаў пестыцыдаў яны не ўтрымліваюць.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *