— За 39 гадоў маёй работы, здаецца, ніколі так рана не выходзілі ў поле, як сёлета, — заўважыў Уладзімір Садаўнічы, які кіруе ўчасткам Малая Бераставіца ў мясцовым элітгасе. – Вось толькі дожджык даўно ўжо патрэбны. Снегу было мала, і месцамі зямля зусім перасохла, — дадаў ён і нібыта ў доказ гэтаму паказаў рукой на ўзгорак, дзе “Беларус” раўняў глебу перад сяўбой кукурузы.
Да канца першай дэкады красавіка сяўба ранніх збожжавых культур тут была завершана. Усяго пад раннія яравыя на участку Малая Бераставіца адведзена больш за 300 гектараў. Скончылі сеяць тут таксама і цукровыя буракі, а ў мінулы чацвер прыступілі да сяўбы кукурузы. Пад яе адвялі амаль трыста з паловаю гектараў яравога поля.
Першым на кукурузны палетак вывеў свой пасяўны агрэгат вопытны механізатар Іван Якаўчук (на здымку другі справа). Побач на падрыхтоўцы глебы быў заняты таксама добра вядомы ў гаспадарцы Юрый Гурскі. А каб пасяўны канвеер дзейнічаў зладжана і без перабояў, пільную ўвагу надаюць гэтаму кіраўнікі розных звенняў СВК “Малабераставіцкі элітгас”. Вось і ў гэты дзень разам з загадчыкам участка Уладзімірам Садаўнічым прыехалі на поле пацікавіцца, як ідуць справы, намеснік старшыні сельгаскааператыва Васілій Сямёнаў (другі злева) і намеснік старшыні па камерцыйных пытаннях Аляксандр Стубеда (крайні справа).
Ранняя вясна дазволіла значна раней выйсці ў поле і бульбаводам. Учора ў элітгасе прыступілі да пасадкі другога хлеба.
Сяргей Хілюта