Адным з першых у раёне пачаў нарыхтоўку кармоў у гэтым годзе СВК імя Варанецкага. Касавіца пачалася тут сёлета на тыдзень пазней, чым у мінулым годзе. Аднак травы выраслі добрыя, люцэрна, якую ўчора касіў механізатар Іван Болдак, прыгожая, сакавітая, сапраўды радуе вока. Поле ўражвае, яно як зялёнае мора, пераліваецца буйнымі хвалямі пад свавольным ветрыкам. Працуе вопытны механізатар на трактары МТЗ 30 – 22 з айчыннай касілкай КПР – 9. Тэхнікай чалавек задаволены, хаця гаворыць, што неабходна быць уважлівым, каб якасць работ была належная. Норма за дзень – 40 гектараў. Акрамя яго, на “зялёным” жніве заняты яшчэ механізатары Аляксандр Ермакоў, Васіль Пачапнёў і Андрэй Аўтух. Працуюць у дзень па 10 — 11 гадзін, не зважаючы на час. Аб’ём работ сапраўды немалы. Клопаты іх зразумелыя — нарыхтаваць у гаспадарцы ў гэтым годзе трэба каля 10 тысяч тон сенажу, 800 тон сена, убраць плошчу 1458 гектараў. Кансерванту для сенажу хапае, ён якасны, чэшскай вытворчасці.
Старт у гаспадарцы ўзяты добры. Пажадаем нашым землякам удалага “зялёнага” жніва!
Ніна Наддэ