У Бераставіцкім раёне выйшла ў свет кніга «Доўгія вёрсты вайны»

80 лет Великой Победы Общественные объединения

З кожным годам, на жаль, усё менш застаецца сведак, якія перажылі жахі Вялікай Айчыннай вайны. Але памяць аб вайне неўміручая. Яна захоўваецца ў кнігах, шматлікіх газетных публікацыях. І вось зусім нядаўна, напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці краіны, па ініцыятыве кіраўніцтва райвыканкама была выдадзена кніга «Доўгія вёрсты вайны».
— Гэта кніга, — гаворыць рэдактар-укладальнік Мікалай Пацэнка, — стваралася на працягу многіх гадоў. Пісалі яе дзясяткі лю­дзей, многіх з якіх , як і герояў іх нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю, няма ўжо сярод нас. Гэта кніга пра вайну, а дакладней, пра людзей, перажыўшых яе. Гэтая кніга – вынік калектыўнай працы многіх людзей: журналістаў “Бераставіцкай газеты”, работ­нікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, музея Вавёркі і іншых.
Сёння, калі мы адзначаем 75-годдзе з дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, хацелася б спыніцца на раздзеле кнігі, прысвечаным менавіта гэтай важнай падзеі. У ім змешчана некалькі матэрыялаў, у якіх расказваецца пра тое, як савецкія войскі вызвалялі бераставіцкую зямлю, друкуюцца ўспаміны сведак аб тых незабыўных днях. Узгадваецца ў гэтым раздзеле кнігі і аб тым, як у баю за вызваленне нашай малой радзімы, пад Малой Бераставіцай, загінуў слаўны сын грузінскага народа, палкоўнік Геронцій Несцеравіч Цітаішвілі. Сёння на тым месцы ўсталяваны помнік, які за свае сродкі зрабіў зямляк героя – Гоча Качыашвілі.
Успамінамі пра апошнія дні акупацыі ў артыкуле “Трывожны быў час” Ніны Абрамовіч дзеліцца жыхарка Вялікай Бераставіцы Галіна Георгіеўна Хвясько:
“Помню, як полымем гарэла Бераставіца. Маладыя немцы, учарашнія хлопчыкі, бегалі з факеламі ў руках і падпальвалі хаты. Выгарэў увесь цэнтр — рады яўрэйскіх крамаў, у папялішча ператварыліся цэлыя вуліцы. Было проста жахліва. Бушаваў пажар, чуліся енк і крыкі. Гэта немцы забіралі ў людзей скаціну, рэзалі свіней.
Мужчыны за хатамі на агародах выкапалі ямы, зверху замаскіравалі дошкамі, зямлёю. У тых ямах шукалі людзі сабе ратавання. Помню, мама за чымсьці пайшла. Страшны выбух скалануў зямлю. Яна прыбегла: ці ўсе жывыя? — пытаецца, а сама нічога не чуе — аглохла ад таго выбуху.
Як потым аказалася, узарвалі мост. Вада патокам хлынула на вуліцы, у двары, а з ёю рыба. Немцаў, мабыць, ужо не было. Бо людзі кінуліся лавіць рыбу. Бачу сундук наш плыве, нейкія скрынкі, а ніхто не зважае: кашамі рыбу ловяць.
Першыя савецкія салдаты з’явіліся на конях. Іх сустракалі як сваіх родных, частавалі рыбай… “.
Пра першыя дні мірнага жыцця ў раздзеле “Вызваленне Бераставіччыны” друкуюцца ўспаміны былога першага сакратара Бераставіцкага райкама КПБ Данііла Ананьевіча Блінава.
З нагоды 75-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў   кніга “Доўгія вёрсты вайны”  перададзена ў бібліятэкі і школы раёна.
Падрыхтаваў
Сяргей Хілюта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *