Выбіраю вёску! На Бераставіччыне прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла -2018»

Актуально Общественные объединения

Раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2018» прайшоў  28 ліпеня ў аграгарадку Пархімаўцы.

Хто сказаў, што на сяле застаюцца толькі старэйшыя людзі, а ўсе маладыя ўцякаюць у горад? На самай справе і ў вёсках шмат маладых сямей, якія працуюць на сельгаспрадпрыемствах, расцяць дзяцей, знаходзяць час для творчасці, вядуць асабістую гаспадарку   і сваімі рукамі робяць прыгожымі і ўтульнымі  свае дамы і прысядзібныя участкі.  Менавіта ў гэтым змаглі ўпэўніцца ўсе, хто наведаў у мінулую суботу аграгарадок Пархімаўцы і прысутнічаў на раённым конкурсе «Уладар сяла — 2018».

Арганізатары праекта, а імі    выступілі раённы камітэт ГА “БРСМ”, райкам  прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, падрыхтавалі не проста конкурсную праграму, а сапраўднае свята як для  ўдзельнікаў праекту, так і для усіх жыхароў і гасцей аграгарадка.

Дарэчы, паглядзець на тых, хто змагаўся за званне сучасных уладароў сяла,  у парку аграгарадка, нягледзячы на даволі спякотнае надвор’е, сабралася шмат людзей. Тут жа перад пачаткам конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы творчых работ і любімых сямейных страў, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў.

А прыехала для ўдзелу ў праекце “Уладар сяла – 2018” пяць лепшых маладых сямей нашага раёна. За ганаровае званне быць лепшай сельскай сям’ёй Бераставіччыны змагаліся сем’і  Грышчанкаў з Вялікіх Эйсмантаў,  Казакоў з  Пархімаўцаў, Карповічаў з Лішкаў,  Бірук з Масалян  і Кулікоўскіх з Алекшыцаў.

У конкурсе  “Давайце пазнаёмімся”  удзельнікі прадстаўлялі візітныя  карткі сваіх сем’яў, у творчай форме расказвалі пра сябе і свае захапленні, даказалі журы і гледачам, што іх сем’і дружныя, актыўныя і сапраўды творчыя.

Першай выступала   шматдзетная сям’я  Бірук з аг. Масаляны.  У сям’і Аляксандра і Валянціны   трое дзетак, тата працуе электрагазазваршчыкам  у РУСП “Масаляны”, а мама —   прыбіральшчыцай у Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе. Разам з бацькамі на сцэну выйшлі  і іх дочкі Дар’я і Ірына, а малодшы сын Дзмітрый, якому яшчэ не споўнілася тры гады, пакуль што свае здольнасці не паказваў.  

Затым сваю візітную картку прадставіла сям’я Грышчанкаў  з аг. Вялікія Эйсманты. Муж і жонка працуюць у КСУП “Варанецкі”, Дзмітрый – трактарыст-машыніст, а Алена – аператар машыннага даення. У іх сям’і падрастаюць двое дзетак: 13-гадовая Анастасія і 9-гадовы Віталій, разам з бацькамі яны весела спявалі частушкі аб сваёй сям’і.

Шматдзетная сям’я Кулікоўскіх з аг. Алекшыцы таксама выступала не ў поўным складзе, без малодшага сыночка, затое двое старэйшых сыноў  вельмі эмацыянальна расказвалі пра сваю сям’ю, у якой тата Стас працуе вадзіцелем у РСУП “Алекшыцы”, а мама Вера – заатэхнік у гэтай жа гаспадарцы.

Затым слова ўзяла сям’я Казак з аг. Пархімаўцы. Галава сям’і   працуе ў ААТ “Бераставіцкая птушкафабрыка”, а жонка – у КСУП “Пархімаўцы”, у Сяргея і Іны трое цудоўных дзетак, двое старэйшых таксама актыўна падтрымлівалі бацькоў на сцэне.

Завяршыла конкурс сям’я Карповічаў з вёскі Лішкі. У сям’і Івана і Таццянцы, якія абое працуюць у КСУП “Макараўцы”,  пакуль што адна трохгадовая дачка Сафія, але нягледзячы на такі юны узрост, яна стала актыўнай удзельніцай праекта.

У наступным конкурсе “Дрывасек” муж і жонка на час распілоўвалі бервяно, муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы.

Затым яны паказалі, як ладзяць са свойскай жывёлай, прадэманстравалі ўменне распрагаць і запрагаць каня.

У сельскай спартыўнай эстафеце да бацькоў ужо далучылі дзеці,  і яны разам змагаліся за званне самых спартыўных.

А затым яшчэ таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі і вырубаць з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.

Акрамя таго, журы ацэньвала і відэаролік, які сем’і спецыяльна падрыхтавалі, каб паказаць усю прыгажосць свайго сельскага падворка.  

Падводзячы вынікі раённага конкурсу “Уладар сяла – 2018”, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Вайцюк выказала надзею, што ўсе яго ўдзельнікі  атрымалі вялікі зарад станоўчых эмоцый, а маладыя сем’і сталі яшчэ больш з’яднанымі.

Ірына Міхайлаўна ўручыла Падзячныя пісьмы  і памятныя падарункі ад райкама БРСМ за ўдзел у конкурсе сем’ям Кулікоўскіх з аг. Алекшыцы і Бірук з аг. Масаляны, а таксама Граматы і падарункі за трэцяе і другое месца  сям’ям Грышчанка з аг. Вялікія Эйсманты  і   Казак з аг.Пархімаўцы адпаведна.

Ну а пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла — 2018» – сям’ю Карповіч з вёскі Лішкі – узнагароджваў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон. Ён уручыў ім  Дыплом райкама прафсаюза і каштоўны падарунак – мікрахвалёўку.

Цяпер сям’ю Карповічаў чакае удзел у абласным этапе “Уладара сяла-2018”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Я пацікавілася ва ўдзельнікаў праекту іх уражаннямі ад конкурсу.

Сям’я Бірук:

— Вельмі спадабалася удзельнічаць у праекце, і дзецям добрая забава. Не шкадуем, што вырашылі прыняць у ім удзел, эмоцыі ад конкурснай барацьбы надоўга запомняцца.

 

Сям’я Карповіч:

-Цяпер у моладзі на сяле не вельмі многа магчымасцей правесці свой вольны час весела і з карысцю, а гэты конкурс  нам такую магчымасць прадставіў. Мы і сябе паказалі, і на іншых паглядзелі. Было цікава спаборнічаць, ну а сваім выступленнем вельмі задаволеныя.      

 

Сям’я  Казак:

— Уражанняў   многа, асабліва ў дзяцей, яны вельмі стараліся добра выступіць самі і нас падтрымлівалі. Вельмі спадабалася сельская спартыўная эстафета, праўда, дзеці шкадавалі, што не маглі ўдзельнічаць усе, а толькі адзін малодшы прадстаўнік.

 

Сям’я Кулікоўскіх:

— У праекце “Уладар сяла” мы ўдзельнічаем ужо другі год, добра, што ёсць магчымасць правесці вольны час цікава, што захоўваюцца традыцыі вясковага жыцця.

 

Сям’я Грышчанка:

— Мерапрыемства вельмі спадабалася, мы добра правялі гэты час, пазнаёміліся з іншымі  сем’ямі, настрой цудоўны. Усе змагаліся за перамогу, сапернікі былі моцныя, але  галоўнае не перамога, а ўдзел, бо атрымалася  сапраўднае сямейнае свята.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *