2 снежня на базе Савецкага ўчастка для галасавання № 2 па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прайшла вучоба для членаў участковых камісій нашага раёна. Удзел у ім прынялі старшыні, намеснікі старшыняў і сакратары ўсіх 14 участковых камісій. Участковая камісія Савецкага ўчастка для галасавання №2 пад старшынствам В.І.Ляховіча прадставіла ўсю працэдуру правядзення выбараў — ад адкрыцця ўчастка ў першы дзень датэрміновага галасавання да падліку галасоў пасля закрыцця ўчасткаў у дзень выбараў. У зале быў створаны імправізаваны ўчастак для галасавання з усімі неабходнымі атрыбутамі. Падрыхтаваны ўмоўныя спіскі выбаршчыкаў, умоўныя бюлетэні, апячатаны урны для галасавання. І вось ужо камісія была гатова прыняць першых выбаршчыкаў. Дэманстравалася арганізацыя датэрміновага галасавання, галасавання непасрэдна ў дзень выбараў і галасавання па месцы знаходжання выбаршчыка.
Участак быў аснашчаны ўсёй неабходнай дакументацыяй у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Старшыня раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь С.Я.Чыкун задаваў удзельнікам вучобы не толькі самыя складаныя пытанні, якія датычаць падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта краіны, але і прапаноўваў прадстаўнікам камісій разгледзець свае дзеянні ў розных сітуацыях, якія могуць узнікнуць як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. Прадметам дэталёвага абмеркавання стала таксама правамернасць тых або іншых дзеянняў старшыняў і членаў участковых камісій у адносінах да выбаршчыкаў, назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ.
Разглядаліся самыя розныя пытанні – ад тэхнічнага аснашчэння ўчасткаў да паўнамоцтваў назіральнікаў і падліку галасоў. Несумненна, такая вучоба дапамагла выпрацаваць практычныя рэкамендацыі для членаў участковых камісій па рэалізацыі патрабаванняў выбарчага заканадаўства, забеспячэнню дэмакратычнасці выбарчага працэсу, празрыстасці падліку галасоў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара