У Бераставіцкім раёне ветэрана павіншавалі з 95-годдзем

Актуально Культура

img_805210 лістапада 95-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Якімовіч з вёскі Ярмолічы.
Павіншаваць Міхаіла Міхай­лавіча з гэтай нагоды першай прыехала старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, якая выказала яму шчырыя пажаданні добрага здароўя на доўгія гады жыцця, па­дзякавала за ўдзел у вызваленні нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за нялёгкую працу ў мірны час і ўручыла памятны падарунак ад раённага савета ветэранаў. Не забылі пра ветэрана і ў СВК імя Варанецкага, дзе Міхаіл Міхайлавіч усё жыццё працаваў жывёлаводам. Ад імя кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Аліна Янушка таксама выказала яму віншаванні з юбілеем, уручыла матэрыяльную дапамогу.
Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, Міхаіл Міхайлавіч яшчэ нядрэнна трымаецца, вядома, здароўе ўжо далёка не тое, як раней, асабліва падводзіць у апошні час зрок, але ветэран стараецца быць, як кажуць, “у страі”, не сядзіць увесь час дома, выходзіць на вуліцу, імкнецца больш рухацца. Ды і памяць яшчэ ў яго даволі добрая, пра падзеі франтавога жыцця і сваіх баявых сяброў расказваць можа з усімі падрабязнасцямі.
У час Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Якімовіч ваяваў на III Беларускім фронце ў складзе 80-га гвардзейскага стралковага палка, удзельнічаў у вызваленні Кёнігсберга, Штабліна, атрымаў цяжкае раненне, аб якім і сёння напамінае шрам на шыі. Сярод узнагарод ветэрана – медалі “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”, ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, шматлікія юбілейныя медалі.
img_8046Ужо амаль два гады, як Міхаіл Міхайлавіч застаўся адзін – памерла яго жонка, з якой душа ў душу разам пражылі амаль 65 гадоў. Цяпер ветэрана даглядае дачка Тамара, якая пасля выхаду на пенсію пераехала да бацькі з Гродна.
У Міхаіла Якімовіча двое дзяцей, чацвёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў і ўжо пад­растае нават прапраўнук, фота­здымак якога мне на раз­вітанне паказала Та­ма­­ра Міхайлаўна. У гэты зна­мянальны дзень уся вялі­кая дружная сям’я з радасцю віншавала любімага тату і дзядулю з 95-гадовым юбі­леем. Калектыў рэдакцыі так­сама далучаецца да ўсіх віншаванняў і жадае Міхаілу Міхайлавічу здароўя і даў­галецця.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *