У Бераставіцкім раёне ветэрана вайны павіншавалі з 90-годдзем

Лента новостей

 

17 сакавіка 90-гадовы юбілей адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Захар  Акуліч з аг.Кватары.

Павіншаваць з такім паважаным юбілеем у гэты дзень Захара Емяльянавіча прыехалі старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Янкевіч і выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта БРСМ Ірына Вайцюк (на здымку).

Захар Акуліч непасрэдна ў баявых дзеяннях не удзельнічаў, ён тылавік.  Пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, у Бабруйскім запасным палку прайшоў ваенную падрыхтоўку. 1 мая 1945 года разам з таварышамі прыняў прысягу,  і іх полк рыхтаваўся да адпраўкі на фронт. Але неўзабаве вайна скончылася, таму на фронт ён так і не трапіў. Тым не менш працягнуў службу ў Савецкай Арміі аж да 1957 года, дэмабілізаваўся ў Астрахані.

Сам Захар Емяльянавіч родам з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, пасля дэмабілізацыі са службы вярнуўся ў родныя мясціны і 35 гадоў адпрацаваў лесніком у Лельчыцкім лясгасе. За шматгадовую адданую працу ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”, які і цяпер на яго пінжаку знаходзіцца побач з медалём “За перамогу над Германіяй” і шматлікімі юбілейнымі медалямі.

У 2009 годзе, пасля смерці жонкі, ветэран прыехаў на Бераставіччыну, да сваёй дачкі Наталлі Кюрдзюк, якая жыве ў Кватарах.

— З гэтага часу мы  яго адразу прынялі ў раённую арганізацыю ветэранаў, — гаворыць Алена Сілкова, — і стараемся, каб ён адчуваў, што пра яго не забываюць, заўсёды віншуем са святочнымі датамі, цяпер вось прыехалі з нагоды юбілею. Вельмі сімвалічна, што разам з намі моладзь: раённы камітэт БРСМ набыў для ветэрана кветкі і падарунак, мы працуем у цесным супрацоўніцтве, і я ўпэўнена, што такія сустрэчы неабходны, каб маладыя людзі ведалі і памяталі, хто здабываў для ўсіх нас Перамогу і будаваў мірнае і спакойнае жыццё.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *