У Бераставіцкім ліцэі прайшоў “Дзень выбараў”

Лента новостей

Ідзе падрыхтоўка агітацыйнага плаката

18 верасня ў чытальнай зале бібліятэкі Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя прайшоў “Дзень выбараў”. Падрыхтавалі гэта мерапрыемства для навучэнцаў ліцэя аддзел па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Сустрэча праводзілася з мэтай растлумачэння маладым людзям працэдуры выбараў і канстытуцыйных правоў маладых выбаршчыкаў, а таксама была накіравана на развіццё ў іх актыўнай жыццёвай і грамадзянскай пазіцыі, нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасці.

На сустрэчы навучэнцам ліцэя было прапанавана паразважаць аб прызначэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Разглядалася працэдура вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, розныя этапы выбарчай кампаніі.
Але найбольш цікавым момантам, на маю думку, стала рэпетыцыя выбарчай кампаніі. Былі вылучаны тры кандыдаты ў дэпутаты, створаны іх ініцыятыўныя групы, падліковая камісія, ну і, вядома, выбаршчыкі, якім неабходна было вызначыцца з кандыдатам і зрабіць свой выбар. Дарэчы, прагаласаваць выбаршчыкі маглі тры разы. Першы раз яны выбіралі кандыдата ў дэпутаты проста візуальна, па прынцыпу “хто спадабаўся”. Затым кандыдаты ў дэпутаты з дапамогай сваіх ініцыятыўных групаў рыхтавалі агітацыйныя плакаты, а выбаршчыкі рабілі свой выбар, зыходзячы ўжо менавіта з іх. А апошні, трэці, тур галасавання праходзіў пасля таго, як кожны з прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла прапанаваў сваю праграму выхаду з цяжкай сітуацыі, якая можа скласціся ў краіне.
Падлік галасоў, які правяла камісія, паказаў, што ў кожным туры сітуацыя змянялася і галасы размяркоўваліся па-рознаму.
І калі ў першым туры многія аддавалі свае галасы нават не задумваючыся, то ў наступных выбар даваўся цяжэй, выбаршчыкі ўжо адчувалі сваю адказнасць, асабліва калі прыходзілася прагаласаваць за праграму выхаду з крызіснай сітуацыі.
Хоць гэта і была гульня, але яна прымусіла ўдзельнікаў зрабіць выснову аб тым, што трэба сур’ёзна і асэнсавана падыходзіць да любых выбараў, не забываць, што важны голас кожнага чалавека, і ад таго, як прагаласуем, залежыць, як будзем жыць далей.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *