Навучальны год у Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў завяршыўся. Эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў працэс навучання. У чацвёртай чвэрці, з улікам абставін, вучні працягвалі ўдасканальваць свае творчыя ўменні і навыкі: хто дыстанцыйна – з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, хто на занятках – з захаваннем неабходных мер бяспекі. Гэтак жа прайшлі акадэмічныя канцэрты і пераводныя экзамены. Выпускнікі здавалі экзамены, як кажуць, у рэальным часе, аднак кожны ў сваім філіяле.
– Зразумела ж, традыцыйнага справаздачнага канцэрта мы не праводзілі, – расказвае дырэктар Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Алексяюк. – Граматы і падзячныя лісты за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у творчых мерапрыемствах вучням былі раздадзены праз настаўнікаў. На жаль, і ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні школы нашым выпускнікам сёлета абыходзіцца без урачыстасцей. А пакідаюць сцены школы мастацтваў у гэтым годзе 20 музыкантаў і 8 мастакоў. На выдатна завяршылі навучанне вучаніцы мастацкага адзялення Аліса Кандрацюк і Елізавета Шляхотка, а таксама піяністка Надзея Сідаровіч і дамрыстка Ксенія Сушко.
– Ксенія – вельмі здольная і странная вучаніца, – гаворыць яе настаўніца Ніна Чакмарова. – Домра толькі на першы погляд здаецца простым інструментам, на самой жа справе трэба прыкласці шмат намаганняў, каб авалодаць якаснай ігрой на ёй. У Ксеніі гэта добра атрымліваецца. І я ганаруся сваёй вучаніцай, якая, дарэчы, з’яўляецца і маёй першай выпускніцай. Яна актыўная ўдзельніца творчых конкурсаў. Толькі ў гэтым годзе Ксенія паказала паспяховыя вынікі ў III рэгіянальным адкрытым конкурсе «Пяе над Шчараю гітара» (дыплом III ступені), XI Міжнародным інтэрнэт-конкурсе «DIGI-TALENTY-2020» (дыплом II ступені) і XXVІ абласным адкрытым конкурсе імя К. Горскага (дыплом II ступені). Ксенія вырашыла паступаць у Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж. І я ўпэўнена, што ўсё задуманае ёю ажыццявіцца.
Дарэчы, звязаць сваё далейшае жыццё з мастацтвам і паступаць у адпаведныя профільныя каледжы плануюць таксама выпускнікі Аляксандр Гутоўскі, Юрый Карпуць, Мікіта Андрушка і Ілья Казлоўскі. Пажадаем ім поспехаў! А Бераставіцкая дзіцячай школа мастацтваў чакае сваіх вучняў у новым навучальным годзе і запрашае на навучанне ўсіх, хто жадае спасцігнуць свет мастацтва і праявіць сябе ў творчасці.
Фотапрэзентацыя “Выпуск-2020”
Святлана Ганчарова, фота аўтара