У Бераставіцкай раённай бібліятэцы прайшло пасяджэнне клуба «Паклічу сяброў»

Лента новостей

Чарговае пасяджэнне клуба “Паклічу сяброў”, які дзейнічае пры райбібліятэцы, было прысвечана Яе Вялікасці Паэзіі. Асаблівая атмасфера творчага натхнення і ўзнёсласці панавала на працягу ўсёй сустрэчы. І невыпадкова. У госці да ўдзельніц клуба завіталі гродзенскія паэты Людміла Шаўчэнка і Браніслаў Ермашкевіч, а таксама паэтэса з Масалян Галіна Румак.
Ідэя наладзіць такую сустрэчу ў райбібліятэцы ўзнікла ў дырэктара Бераставіцкай РЦБС Таццяны Дзмітрыеўны Марцішэвіч яшчэ напрыканцы мая, падчас наведвання першага адкрытага раённага фестывалю паэзіі “Масалянскія салаўі-2011”.
— Мяне вельмі ўразілі тады вершы мясцовай паэтэсы Галіны Жывіцы (Жывіца—творчы псеўданім і дзявочае прозвішча намесніка дырэктара Масалян-скай школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Галіны Уладзіміраўны Румак),— успамінае Таццяна Дзмітрыеўна.—Адразу ж захацелася запрасіць гэтую абаяльную, таленавітую жанчыну да сябе і пазнаёміць бераставіцкіх чытачоў з яе творчасцю. Больш уважлівых і ўдзячных слухачоў, чым удзельніцы нашага клуба “Паклічу сяброў”, сярод якіх, дарэчы, нямала аматараў паэзіі і аўтараў вершаў, проста не знайсці! Там жа, на фестывалі, старшыня праўлення Гродзенскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч, расказваючы пра дзейнасць арганізацыі, паведаміла, што яе члены—гродзенскія пісьменнікі і паэты—вельмі адкрытыя для сустрэч, лёгкія на пад’ём людзі. Яны заўсёды адгукаюцца на запрашэнні, наведваюць з творчымі паездкамі розныя куточкі Гродзеншчыны. І сапраўды, Людміла Шаўчэнка і Браніслаў Ермашкевіч з задавальненнем прыехалі ў Вялікую Бераставіцу, каб пазнаёміць мясцовых аматараў вершаванага радка са сваёй творчасцю, а таксама з дзейнасцю абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
На працягу творчага вечара прагучала шмат прыгожых, пранікнёных вершаваных радкоў. У гэтых шчырых, часам кранаючых да слёз вершах, жывуць думкі і спадзяванні аўтараў, іх душа. Безумоўна, жанчын кранулі творы гасцей. Яны з цікавасцю задавалі паэтам пытанні, прасілі расказаць пра жыццёвы і творчы шлях, падзяліцца тым, як нараджаюцца вершы і як прыходзіць натхненне. Дарэчы, у такой жывой гутарцы стала вядома, што Людміла Шаўчэнка пачынала свой прафесійны шлях у нашым раёне. А дакладней—у Пачобутах, у сельскім клубе. Тут жанчына выйшла замуж за мясцовага хлопца. А ў “Бераставіцкай газеце” нават друкаваліся некалькі яе вершаў.
Браніслаў Ермашкевіч, які з’яўляецца намеснікам старшыні праўлення абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пазнаёміў з дзейнасцю гэтай арганізацыі, якой споўнілася ўжо пяць гадоў. Расказаў аб яе выдавецкай дзейнасці, аб рабоце па папулярызацыі творчасці гродзенскіх пісьменнікаў. Прадставіў таксама літаратурныя альманахі, якія выйшлі ў свет за гэты час. (Выданні, дарэчы, ёсць у чытальнай зале райбібліятэкі). У іх—творы як вопытных, дастаткова вядомых аўтараў, так і пачаткоўцаў. Браніслаў Іосіфавіч падкрэсліў, што пачынаючыя паэты заўсёды могуць атрымаць у іх карысную параду, пачуць ацэнку сваёй творчасці, даслаўшы свае творы па электроннай пошце на адрас: postmaster@pisateli.by альбо наведаўшы аддзяленне ў г.Гродна па вул. Савецкая, 31/9. Тэлефон —            77-26-30, сайт—www. pisateli.by.  Пры абласным Палацы творчасці дзяцей і падлеткаў трэці год плённа працуе вочна-завочная школа маладых паэтаў “Сугучча”, куды пачынаючым аўтарам-дзецям можна звяртацца па дапамогу.
Вечар прайшоў на хвалі натхнення і пазітыўнага настрою. Сваімі творамі па-дзяліліся і нашы мясцовыя паэты, якія прысутнічалі на сустрэчы.
Святлана Ганчарова, фота аўтара
На здымку: выступае Галіна Румак



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *