У Бераставіцкай раённай бібліятэцы арганізавана выстава работ Зінаіды Конік

Лента новостей

0“Дзівосныя карункі вясны” – назва арганізаванай на абанеменце Бераставіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі выставы дэкаратыўна-прыкладных работ жыхаркі вёскі Эймінаўцы Зінаіды Іванаўны Конік. Прадстаўленыя вышываныя вырабы і карункі народнай умеліцы і майстрыхі – вельмі прыгожыя, элегантныя, вытанчаныя, выкананыя з выкарыстаннем свежых далікатных фарбаў. І спецыялістам быць не трэба, каб адчуць, што ў свае творы жанчына ўклала часцінку душы і любові, а таму яны, сапраўды, выпраменьваюць своеасаблівае хараство і веснавы настрой.

Зінаіда Іванаўна – былая настаўніца хіміі і біялогіі. Пачынала выкладаць у Макараўскай сярэдняй школе, працавала ў Бераставіцкай школе і ў Старадварэцкай. Чалавек вельмі сціплы, яна не лічыць сваё захапленне чымсьці адметным. Вышываць, шыць, вязаць пруткамі і кручком умелі практычна ўсе дзяўчаты, яе аднагодкі. Вучыцца гэтаму прымушала жыццё, цяжкі пасляваенны час, калі 1 2 4 5 6 7было складана з аддзеннем, абуткам, прадметамі побыту. Жанчыны ўсё рабілі сваімі рукамі: ткалі, шылі, вязалі, вышывалі і, безумоўна, аздаблялі ўсе свае вырабы прыгожымі ўзорамі і арнаментам. Навыкі рамёстваў пераймалі ад бабуляў і матуляў. З гадамі такая неабходнасць у многіх, у тым ліку і ў Зінаіды Іванаўны, перарасла ў хобі, стала справай душы, своеасаблівай аддушынай і адпачынкам. Яна і дачкам перадала сваё захапленне, і вучаніц сваіх пазнаёміла з асновамі вышыўкі і вязання. Жанчына і цяпер, нягледзячы на сталы ўжо ўзрост, працягвае займацца любімай справай і, дарэчы, заахвочвае да вышывання сваіх сябровак і суседак.
Падчас урачыстага адкрыцця выставы Зінаіда Іванаўна падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства з гасцямі сустрэчы. Дырэктар Бераставіцкай РЦБС Таццяна Марцішэвіч зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю такога рамяства, як вышыўка. Прадстаўляючы народную ўмеліцу, Таццяна Дзмітрыеўна расказала, як адбылося знаёмства з ёю спачатку бібліятэкараў бібліобуса, і як потым нарадзілася ідэя праз выставу прадставіць яе ўсім прыхільнікам традыцыйнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Высокую адзнаку вышываным вырабам і карункам Зінаіды Іванаўны дала дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў Тамара Касьян, падкрэсліўшы, што ўсе прадстаўленыя рэчы дастаткова складаныя ў выкананні, вызначаюцца арыгінальнасцю ўзораў і тонкім густам. Тамара Мікалаеўна запрасіла майстрыху да ўдзелу ў будучых раённых экспазіцыях.
Што можна паглядзець на выставе? Вышываныя карціны, ручнікі і настольніцы, звязаныя кручком, каўнерыкі, сурвэткі і абрусы. Нават вышываныя паштоўкі, якімі жанчына звычайна віншуе са святамі сваіх самых родных і блізкіх людзей. Завітайце ў бібліятэку! Вядома ж, лепш пабачыць на свае вочы ўсю тую прыгажосць, якую стварылі рукі звычайнай жанчыны, нашай зямлячкі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *