Ветэрынарыі належыць важнае месца ў нашым жыцці. Людзі гэтай высакароднай прафесіі не толькі стаяць на варце здароўя жывёлы, але і чалавека. Яны не дапускаюць небяспечных эпізаатычных сітуацый, кантралююць, каб прадукцыя жывёлагадоўлі была бяспечнай для здароўя дарослых і дзяцей. У Бераставіцкай райветстанцыі 23 кастрычніка адбыўся раённы семінар-нарада па ветэрынарыі з удзелам намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Паўла Буткевіча і галоўных ветурачоў гаспадарак. Мэтай мерапрыемства было далейшае эфектыўнае развіццё жывёлагадоўлі на Бераставіччыне.
Жывёлагадоўля – важная галіна аграрнага сектара, значны рэзерв умацавання эканомікі. У многіх у нас карані ў вёсцы, мы ведаем, як нялёгка было дагледзець нават адну карову, каб яна не хварэла і добра даілася. А ў калектыўных гаспадарках вялікі статак, рызыка захворванняў жывёлы ўзрастае ў шмат разоў. На дапамогу людзям прыходзяць сучасныя эфектыўныя тэхналогіі, парушаць якія нельга. Гэта навукова абгрунтаваныя строгія правілы, якія гарантуюць поспех. Але работа ў жывёлагадоўлі – гэта справа не аднаго дня, яна павінна быць добра наладжанай. Разам усе звёны вытворчага працэсу павінны працаваць, як адзіны механізм.
На раённай нарадзе ўздымаліся пытанні санітарыі на жывёлагадоўчых аб’ектах, прафілактыкі захворванняў жывёлы, захаванасці маладняку, падрыхтоўкі да абласнога семінара, які запланавана правесці на базе нашага раёна ў лістападзе. Прафілактыка, безумоўна, заўсёды каштуе менш, чым лячэнне. Лепш засцерагчыся, чым потым мець праблемы. Жывёлагадоўчыя аб’екты павінны быць надзейна агароджаны. Не сакрэт, што дагэтуль бывае так, што агароджа вакол фермы ахайная і прыгожая, а падсыпка знізу не зроблена, так што на тэрыторыю могуць, напрыклад, трапіць лісы, бадзяжныя каты і сабакі, якія разносяць небяспечнае захворванне – шаленства. Праверыць, як у іх абстаяць справы, у інтарэсах саміх жывёлаводаў. Афрыканская чума свіней па-ранейшаму стварае пагрозу. Праблему гэтую трэба пастаянна трымаць у полі зроку. У буфернай зоне каля свінакомплексаў і свінаферм нельга трымаць свіней. Сітуацыю трэба прымаць пад пільным кантролем. Каб не было ніякіх нечаканасцей, лепш надаваць увагу своечасоваму папярэджванню небяспечных сітуацый.
Уздымалася на семінары і важнае пытанне захаванасці маладняку. Ветурачы не толькі лечаць жывёлу, яны супрацоўнічаюць з іншымі службамі сельгаскааператываў, дапамагаюць кваліфікаванымі кансультацыямі працаўнікам. Якасць кармоў, стан капытоў буйной рагатай жывёлы і многія іншыя пытанні былі ў полі зроку спецыялістаў у час раённай нарады. Закраналася ў час мерапрыемства і актуальнае пытанне павышэння якасці малака. Добры прыклад паказвае СВП “АграМір”. Раней тут таксама былі праблемы, зараз людзі стараюцца. Сучасная формула поспеху – гэта новыя тэхналогіі і “чалавечы фактар”.
Гутарка са спецыялістамі вялася ў канструктыўным рэчышчы. Безумоўна, работа ветэрынарных службаў гаспадарак вельмі няпростая і напружаная. Калі нешта не атрымліваецца, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Буткевіч і галоўны ветурач раёна Аляксандр Баброў прапанавалі сваю дапамогу. Сіла – у супрацоўніцтве, нашым аграрыям па плячу важныя задачы.
Ніна Наддэ,
фота аўтара