29 студзеня ў філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” адбыўся патрыятычны ўрок “Сінонімы памяці”, прысвечаны Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. На яго былі запрошаны вучні 7 класа Алекшыцкай сярэдняй школы.
Юныя госці бібліятэкі даведаліся, што такое Халакост, што азначае гэта назва. Адбылося знаёмства з кніжнай выставай, дзе быў размешчаны матэрыял з фотаздымкамі і літаратурай пра падзеі, якія адбываліся падчас Другой сусветнай вайны ў нацысцкім канцлагеры смерці Асвенцым. Асаблівая ўвага школьнікаў была звернута на новае выданне Беніаміна Ерузаліма “Боль памяці”, у якім расказваецца пра Халакост на Гродзеншчыне.
Што датычыцца роднай мясцовасці, то і ў нас, непадалёку ад Алекшыц, адбываліся жудасныя падзея, звязаныя з масавым знішчэннем насельніцтва. У кнізе бераставіцкага кразнаўцы Мікалая Пацэнкі “Доўгія вёрсты вайны” ўпамінаецца пра спаленую вёску Верхаўляны і яе растраляных жыхароў. Вялізны камень – помнік, каля якога заўсёды ляжаць кветкі, сёння нагадвае аб той страшнай трагедыі.
Падчас мерапрыемства дзеці ўголас чыталі вершы пра вайну і ўспаміны тых, каму ўдалося выжыць у фашысцкіх канцлагерах. Напрыканцы сустрэчы была запалена “лампадка памяці” і мінутай маўчання ўшанаваны ўсе, хто стаў ахвярай генацыду.
Патрыятычны ўрок быў праведзены з мэтай данесці да падлеткаў, што памятаць пра Халакост неабходна, каб больш ніколі не паўтарыліся тыя страшныя падзеі.
Зоя Хлебнікава, бібліятэкар Алекшыцкай сельскай бібліятэкі