Лагодны верасень падарыў нам сапраўдны “аксамітны” сезон. Не толькі для адпачываючых гэта сапраўдная ўдача, але і для аграрыяў. Дзянькі зараз вельмі прыдатныя для палявых работ. Калі ўжо сама прырода так спрыяе, дык і настрой у людзей бадзёры. На кукурузнае поле аграфірмы “Стары Дворац” люба глянуць.
— Кукуруза – культура, багатая энергіяй, — гаворыць галоўны аграном аграфірмы Дзмітрый Захарчук. – Убраць на зерне яе ў гэтым годзе ў нас трэба 135 гектараў, на сілас – 300.
Кукурузны сілас – важная складаючая частка ў кармленні кароў. Без яго сапраўды не абысціся. Зараз у аграфірме нарыхтоўваюць гэты “стратэгічны” корм, а калі каралева палёў даспее, будуць убіраць яе на зерне. На кормаўборачным камбайне КВК – 800 на кукурузных палетках працаваў вопытны механізатар Іван Кашлявік (на здымку), на адвозцы сіласнай масы малады механізатар Іван Шуміла (на здымку). Камбайн роўна зрэзвае сцябло вострым лязом, а пры здрабненні адразу ўносіцца кансервант. Па словах Дзмітрыя Іванавіча, нормы ўнясення прэпарата строга рэгулююцца, таму што малочная прадукцыя павінна быць бяспечнай для здароўя дарослых і дзяцей і не ўтрымліваць шкодных рэчываў.
Фронт работ у механізатараў вялікі. А назапашваюць за змену яны амаль 100 тон каштоўнай зялёнай масы, якую Іван Шуміла адразу адвозіць на трамбоўку. Вядома, работа ў людзей нялёгкая, не стаміцца тут немагчыма. Камбайнам сваім Іван Кашлявік задаволены, той яго не падводзіць, не псуецца. Заробак на нарыхтоўцы кармоў таксама дастойны. Адзінае, на што наракае механізатар – не вельмі добрая шумаізаляцыя, у імпартных камбайнах яна значна лепшая. Дарэчы, вібрацыя і ў трактары на адвозцы моцная, а робіць Іван Шуміла за дзень 12 – 14 рэйсаў. Так што непрыкметным працаўнікам гэтым, дзякуючы якім у нас на стале багаты выбар якасных малочных прадуктаў і не толькі, варта нізка пакланіцца. Разам з іншымі ўносяць яны сваю лепту ў харчовую бяспеку раёна і краіны.
Ніна Наддэ, фота аўтара