У аграфірме “Стары Дворац” падвялі вынікі работы за мінулы год

Лента новостей

Як і сто гадоў таму сельскагаспадарчая праца была адной з самых цяжэйшых, так і зараз яна застаецца адной з самых працаёмкіх, нягледзячы на сучасныя эфектыўныя тэхналогіі. Трымацца на “плыву” нялёгка, трэба працаваць зладжанай камандай, памятаючы колішні рацыянальны заклік, які прайшоў выпрабаванне часам: “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго!”
У аграфірме “Стары Дворац” вельмі ўдзячны свайму галаўному прадпрыемству РУП “Гроднаэнерга” за вялікую падтрымку, а мінулы год тут выдаўся ўдалым. Усяго працуе ў аграфірме 160 чалавек, і кожны з іх жадае быць упэўненым у заўтрашнім дні. Ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг у мінулым годзе атрымалі 17 тысяч рублёў, у параўнанні з 2015 годам гэта значна больш, таму што тады наогул былі страты. Летась рэалізавалі больш прадукцыі – цукровых буракоў, малака – пры меншых выдатках. Салодкіх каранёў здалі амаль удвая больш. Увагу надавалі і аптымізацыі вытворчасці. На жаль, не ўдалося атрымаць запланаваны летась ураджай збожжавых, але амаль паўсюдна па краіне была такая карціна з-за неспрыяльнага для гэтых сельгаскультур надвор’я. У той жа час для паспяховай нарыхтоўкі кармоў надвор’е выдалася спрыяльным.
Валавы надой малака ў аграфірме дасягнуў 5445 тон, адзначана 2 з паловай працэнты росту. Ад каровы ў сярэднім надоена 7237 кілаграмаў сыравіны. У параўнанні з многімі іншымі надоямі ў гаспадарках краіны і вобласці гэта вельмі добры паказчык. А “экстрай” зда­дзена амаль 48 працэнтаў запатрабаванай сыравіны, гэта больш, чым у 2015 годзе. Акцэнт быў зроблены на паўнацэнным кармленні жывёлы, збалансаваных рацыёнах для кожнай групы кароў, захаванні тэхналогій даення. Аператары машыннага даення прытрымліваюцца “залатых правіл”, якія накіраваны на прафілактыку мастытаў. Жывёлаводы будуць імкнуцца, каб і далей нарошчваць выпуск “еўрапейскага малака”, таму што за яго добра плацяць. За тону “экстры” плацяць 554 рублі.
Бізнес-план на гэты год прадугледжвае нарошчванне аб’ёмаў выпуску прадукцыі. Гэта створыць своеасаблівую “падушку бяспекі” для аграрыяў на выпадак разнастайных непажаданых сітуацый, напрыклад, той жа спёкі летам, калі праблематычна сабраць багаты ўраджай. Збожжавых запланавалі атрымаць 5260 тон, на 1500 тон больш, чым у 2016 годзе. Цукровых буракоў спадзяюцца сабраць 12 з паловай тысяч тон (плюс 2900 тон). А малака ў аграфірме жадаюць атрымаць 5521 тону. Гэта рэальная задача пры добрых кармленні і доглядзе жывёлы.
Залогам далейшага экана­мічнага росту тут, як і ў іншых сель­­гасарганізацыях, з’яўляецца ў раслінаводстве захаванне ўсіх неабходных агратэхнічных мерапрыемстваў, а ў жывё­лагадоўлі – захаванне сучасных тэхналогій вытворчасці. У полі зроку таксама зніжэнне выдаткаў і іншыя меры па ўдасканаленні вытворчага працэсу. Галоўнае, каб кожны чалавек адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром, сумленна працаваў і стараўся, каб узрастаў агульны дабрабыт, а значыць, і яго сям’і таксама.
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *