Няма на нашай роднай зямлі сям’і, якая не страціла б блізкага чалавека ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Памяць аб людзях, якія цаной свайго жыцця здабылі нам Перамогу, назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах. Не было б і нас, каб не іх вялікі подзвіг…
У аграгарадку Канюхі аднавілі помнік загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны. За гэта людзі выказваюць шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву СВК “Макараўцы”, усім тым, хто прымаў удзел у гэтай высакароднай справе. Сапраўды, помнік загінуўшым землякам атрымаў у гэтым аграгарадку новы, адметны выгляд. Аднаўлялі яго за ўласныя сродкі, без дапамогі прафесіяналаў. З вялікім густам мясцовыя майстры выбралі фарбы, так што стварылася цэласная арганічная кампазіцыя, а работы правялі вельмі ахайна, нават “філігранна”.
— Не толькі вяскоўцы, але і прыезджыя, і дачнікі звяртаюць зараз увагу на наш помнік, — з гонарам гаворыць стараста аграгарадка Канюхі Ганна Ганчарук.
Старастай яна тут ужо каля 15 гадоў. Людзі пастаянна звяртаюцца да яе са сваімі надзённымі патрэбамі. Дапамагае жанчына інвалідам, землякам у арганізацыі пахаванняў родных, ды і састарэлыя людзі часта просяць, напрыклад, заплаціць за “святло”. Да кожнага чалавека падыходзіць Ганна Віктараўна з вялікай увагай, ды сярод вяскоўцаў так і “прынята”.
На мінулым тыдні, калі я прыязджала ў аграгарадок Канюхі, яшчэ раз палюбавалася стараста бездакорнай работай мясцовай брыгады на аднаўленні помніка разам з сяльчанкай Марыяй Юхнюк. Марыя Мікалаеўна таксама ад душы выказала шчырую ўдзячнасць усім нераўнадушным людзям за такую добрую справу. Нават маладое пакаленне будзе бліжэй да сэрца ўспрымаць памяць пра людзей, загінуўшых у тыя далёкія вогненныя гады, калі перад іх вачамі будзе такая з густам адноўленая і дагледжаная кампазіцыя.
Што і казаць, пастараліся людзі на славу!
Ніна Наддэ, фота аўтара