У 1985 годзе ў Бераставіцкім раёне быў створаны клуб даярак – чатырохтысячніц. У той час надой 4 тысячы кілаграмаў і больш малака на карову лічыўся вельмі добрым. Лічбы красамоўна гавораць аб гэтым — з 340 даярак тады толькі 21 перавысіла такі рубеж. У параўнанні з тым часам і гадамі эканамічнай нестабільнасці пасля распаду Савецкага Саюза зараз на Бераставіччыне змены адбыліся кардынальныя. У жыццё трывала ўвайшлі новыя сучасныя тэхналогіі. Пакладзены пачатак самаму высакаякаснаму малаку – гатунку “экстра”, значна павялічыліся надоі — тры гаспадаркі (СВК імя Варанецкага, “Алекшыцы” і РУСП “Масаляны”) перайшлі сямітысячны рубеж. Наш раён трымае высокую планку і годна выглядае на абласным і рэспубліканскім узроўні. Як кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні. Для многіх гаспадарак у краіне яшчэ толькі пастаўлена задача на гэтую пяцігодку – дасягнуць пяцітысячны рубеж, а ў нас ужо паказчыкі значна лепшыя. А з пачатку гэтага года самы высокі надой на карову ў раёне ў СВК імя Варанецкага — 7704 кілаграмы. Людзі стараюцца.
А нядаўна 6 аператараў машыннага даення пабывалі на абласным злёце. Гэта ўжо чацвёртае такое мерапрыемства, і яно стала прыемнай і добрай традыцыяй.
Праца даярак ніколі не была лёгкай. Кожная вясковая жанчына ведае, як няпроста даіць і даглядаць нават адну карову. А калі іх шмат, як на сучасных малочнатаварных комплексах, нагрузка ўзрастае неймаверна. І якія б ні былі тэхналагічныя прыстасаванні, “чалавечы фактар” застаецца вельмі важным. Таму дастойным прадстаўніцам такой прафесіі была выказана шчырая падзяка на высокім узроўні.
У СВК “Абухава” Гродзенскага раёна аператараў машыннага даення з працоўнымі поспехамі павіншаваў старшыня Гродзенскага аблвыканкама С.Б.Шапіра. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць за іх старанне. Пра тое, з якімі вынікамі прайшоў мінулы год у жывёлагадоўлі і як развіваецца малочная галіна, расказаў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама А.В.Вайцяховіч. З цёплымі словамі ў адрас аператараў машыннага даення выступіў генеральны дырэктар ААТ “Малочны Мір” І.В.Шышко. Ён адзначыў, што вельмі задаволены ўкладам Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў у агульную справу развіцця перапрацоўчай прамысловасці вобласці і якасцю сыравіны з Гро-дзеншчыны і Бераставіччыны. Іосіф Вацлававіч прывёў прыклад, што якасная прадукцыя вырабляецца менавіта з такога ж малака. І хаця зараз ёсць нанатэхналогіі і розная апаратура па нармалізацыі сыравіны, якасць была і застаецца першасным і вельмі важным патрабаваннем. І тут шмат залежыць ад таго, якія людзі заняты на вытворчасці, як яны адносяцца да справы.
За плённую працу даяркі былі адзначаны грашовымі прэміямі, прадукцыяй ААТ “Малочны Мір” і кветкамі. Улічвалася, як вядзецца даенне – на малакапровадзе ці ў даільнай зале. Для жанчын быў падрыхтаваны святочны канцэрт.
Пасля ўрачыстай часткі злёту прысутныя наведалі СВК “Прагрэс – Верцялішкі” Гродзенскага раёна. На малочнатаварным комплексе яны паглядзелі даільную залу “Карусель”. Каровы размяшчаюцца ў ёй па коле. Абслугоўваюць залу 3 даяркі. Адразу там доіцца 40 кароў.
А затым жанчын чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. На адным малочнатаварным комплексе ў гэтай гаспадарцы ўдзельнікі мерапрыемства ўбачылі, як працуюць робаты ў даільнай зале. Такая суперсучасная вытворчасць ёсць толькі ў адзінкавых месцах па рэспубліцы. Каштуе яна вельмі дорага. Але і эканомію дае значную. Не трэба плаціць зарплату даяркам, таму што робат абыхо-дзіцца ўвогуле без іх.
Так вядзецца вытворчы працэс у развітых краінах. У кожнай каровы індывідуальны чып. Атрымлівае жывёла аптымальны рацыён, а пры даенні ласуецца камбікормам, таму, каб падаіцца, ідзе ахвотна. У яе выпрацоўваецца адпаведны рэфлекс. Робат сам аўтаматычна мые вымя, доіць, даныя ідуць у камп’ютар. Зразумела, што такія машыны і апараты не нагадваюць зрокава робатаў з фільмаў, але гэта на самай справе робаты. Паглядзець на такую вытворчасць было вельмі цікава. Жанчыны выказвалі сваё захапленне дасягненнямі высокай тэхналогіі. Магчыма, з цягам часу, робаты з’явяцца паўсюдна, але гэта справа яшчэ не аднаго дзесяцігоддзя, таму на наш час работы хопіць і, што нехта застанецца без працы, хвалявацца не прыходзіцца.
Ад нашага раёна на злёце пабывалі Хіджран Казінец з СВК “Алекшыцы” (надой на карову ў мінулым годзе склаў 7973 кг, прыбаўка да 2009 года –102,2 кг), Ганна Дзямбіцкая з РУСП “Масаляны” (7538 кг, плюс 101,9 кг), Юзэфа Леська з СВП “АграМір” (7397 кг, плюс 62 кг), Аліна Рыгосік з аграфірмы “Стары Дворац” (6582 кг, плюс 62 кг), Ніна Карповіч з СВК “Макараўцы” (5957 кг, плюс 111,4 кг), Тэрэза Пясецкая з СВК “Цецяроўка” (5619 кг, плюс 124,5 кг).
Усе гэтыя аператары машыннага даення вопытныя і старанныя. Сваёй сумленнай працай яны паказваюць добры прыклад іншым. Акрамя таго, што ўсе гэтыя жанчыны праяўляюць сябе з самага лепшага боку на такой няпростай вытворчасці, яны ўсе яшчэ і добрыя мамы, і руплівыя гаспадыні. Кожная з іх карыстаецца заслужанай павагай у сваім калектыве.
Ніна Наддэ