Летнюю пару адкрывае цудоўнае свята – Міжнародны дзень абароны дзяцей. Гэты дзень яшчэ раз напамінае ўсім нам, дарослым, аб той адказнасці, якая ляжыць на нас за выхаванне падрастаючага пакалення, аб неабходнасці забяспечыць нашым дзецям спрыяльныя ўмовы для іх росту і развіцця, для абароны здароўя і жыцця кожнага дзіцяці.
Клопат пра маленькіх грамадзян з’яўляецца прыярытэтам нашай дзяржавы. Бо менавіта ў дзіцячыя гады пачынаецца фарміраванне асобы, станаўленне яе маральных якасцей. І дарослыя павінны зрабіць усё магчымае, каб для дзяцей гэты перыяд быў па-сапраўднаму шчаслівым і напоўненым толькі станоўчымі эмоцыямі.
Самая бесклапотная пара дзяцінства – дашкольная, але яна вельмі хутка мінае. Вось ужо і выпускнікі Вялікабераставіцкага ясляў-сада Люба Жытко, Дзіма Сіцько, Каця Курмель, Міша Дзямідзік, Валерыя Брыш і Саша Жывель (на здымку) развітваюцца з дзіцячым садам, каб у хуткім часе пераступіць парог школы.
Але гэта трошкі пазней, а пакуль яны радуюцца набліжэнню лета і вясёламу адпачынку.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара