Гартаю сямейны фотаальбом, і ўсплываюць успаміны з маладосці. Гляджу на юныя твары маіх землякоў, сяброў па службе, і памяць пераносіць мяне ў тыя далёкія гады, калі я яшчэ нават і не ўяўляў, як складзецца далейшы лёс мой і маіх саслужыўцаў на здымку, якія таксама родам з Бераставіччыны. Вось яны, зусім яшчэ маладыя, — на верхнім здымку. У армію мы былі прызваны ў адзін дзень—9 красавіка 1951 года (50 гадоў таму!) адразу са школы на тэрміновую службу. Служыць нам давялося разам — у асобным батальёне сувязі №879 в/ч 01267, раскватэраванай у чырвоных казармах г.Горкага. Трое маіх землякоў праходзілі службу ў тэлеграфнай роце, а я—у радыёроце. Гэты здымак мне падарыў на памяць Міхаіл Мелянец з в.Эймінаўцы. На ім Міхаілу паклаў на плячо руку Федзя Жлабовіч з в.Кашанцы. А побач з імі Саша Нікан з в.Бераставічаны. Дэмабілізаваліся мы ў 1954 годзе. Міхаіл усё жыццё працаваў механізатарам у калгасе “Перамога” ў Эймінаўцах. Меў за сваю працу некалькі ўзнагарод урада. Памёр у 1999 годзе. Федзя працаваў у райспажыўтаварыстве—дырэктарам прырэйкавай базы ў п.Пагранічны. Загінуў у дарожна-транспартным здарэнні ў 1959 годзе. Саша Нікан жыў і працаваў у Ваўкавыску, памёр 10 гадоў таму. Яны, мае саслужыўцы, і падзеі армей-скага жыцця застануцца ў маёй памяці назаўсёды.
Другі здымак (унізе) зроблены пасля здачы экзаменаў за 1947-48-ы навучальны год па заканчэнні 6-га класа Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Мы ўсе на ім—пераросткі. А прычына гэтаму—Вялікая Айчынная вайна. Нам у той час было па 15-16 гадоў.
Анатоль Зданчук, г.п.В.Бераставіца