Марыя Сцяпанаўна Янцэвіч (на здымку) жыве ў аграгарадку Пагранічны. Мае ўжо 81 год і вялікую сям’ю: трое дзяцей, сямёра ўнукаў, чацвёра праўнукаў. На вялікі жаль, мужа, з якім пражыла доўгае шчаслівае жыццё, няма ўжо на гэтым свеце. Марыя Сцяпанаўна цяпер адна за іх дваіх цешыцца са шчасця ўнукаў-праўнукаў і непакоіцца толькі пра тое, каб усе яны былі здаровыя і каб над імі заўсёды было мірнае неба. Уласнае яе дзяцінства, як і дзяцінства і ранняе юнацтва яе трох сясцёр і двух братоў, было абпалена вайною. Родам Марыя Сцяпанаўна з Рудаўлян. І дзесяці гадкоў яшчэ не мела, як у вёску ўвайшлі фашысты, а трынаццаты ішоў, калі нашы войскі вызвалялі родны бераставіцкі край ад ворага. Аднак дзіцячая памяць учэпістая, усё жыццё захоўвае асобныя эпізоды з той ваеннай пары. Яны кароткія, бы сполахі маланкі, і вострыя, бы асколачкі шкла: запомнілася тое, што асабліва ўразіла і моцна напалохала. Вось гэтыя эпізоды:
“ Татка арэ,
а я нясу яму есці”
У самым пачатку вайны многія чырвонаармейцы, адступаючы, трапілі ў акружэнне немцаў. Усе яны часова жылі ў навакольных вёсках. “Разабралі” па хатах чырвонаармейцаў і ў нашых Рудаўлянах. Немцы, чула ад бацькоў, глядзелі спачатку на гэта “скрозь пальцы”: няхай, маўляў, працуюць на гаспадарцы дзеля “вялікай Германіі”. У вёсцы такіх хлопцаў нямала было. Яны прыхавалі зброю і праз нейкі час сышлі ў лес, што паблізу Галынкі, пачалі партызаніць. А пад тым лесам нашы ворныя гектары былі – татка некалі прыкупіў тут зямліцы. Помню, як у нашай хаце збіралі вузельчыкі з ежай і адпраўлялі “на гектары” маіх братоў. Я спачатку і не здагадвалася, для каго гэтая ежа. Але аднойчы татка выправіў у дарогу мяне. І строга загадаў памятаць: “Калі запыняць немцы ці паліцаі, то кажы, што татка арэ, а ты нясеш яму паесці”. Яшчэ помню, як мама плакала і казала: “Куды ж ты малое дзіця адпраўляеш? Мусіць, хочаш, каб усю нашу сям’ю расстралялі?!”. І вось бягу па палявой дарозе, а сама азіраюся, баюся тых немцаў. А пра сябе ўсё паўтараю:”Нясу татку есці”. На ўскрайку лесу – тыя самыя хлопцы, якія яшчэ нядаўна жылі ў нашай вёсцы…
“Бейте врага
без пощады!”
Я многіх з тых хлопцаў добра ведала. Адзін з іх – Падталыхін было яго прозвішча – жыў з татавай сястрой, маёй цёткай. Ужо і дачушка ў іх падрастала. Як немцы яго схапілі, не ведаю, мусіць, бацькі не расказвалі пра гэта. Але памятаю, як аднойчы ўлятаю ў хату і крычу: “Татачка, немцы Падталыхіна вядуць!”. Татка – на вуліцу, глядзім, а трое немцаў гоняць перад сабой цётчынага мужыка, штурхаюць яго аўтаматамі ў спіну. Ён увесь збіты, ледзьве ногі перастаўляе. Цётка ўбачыла – і з крыкам ляціць на дарогу з хаты, а мой татка ёй наперарэз: “Ты куды? Павядуць разам з ім!”. Помню, як акрываўлены Падталыхін гучна выкрыкваў: “Бейте врага без пощады!”, а немцы пры гэтым катавалі яго яшчэ мацней. Расстралялі мужчыну за вёскай, на Бабічавай гары і забаранілі вяскоўцам хаваць яго. Толькі цётка мая, калі ўсё ўціхамірылася, употайкі ўсё ж пахавала мужа на вясковых могілках. Потым яго перазахавалі ў брацкай магіле ў Цецяроўцы – там, дзе цяпер на ўзгорку стаіць помнік загінуўшым на вайне землякам. Дарэчы, пасля вайны цётка паехала жыць з дачушкай на радзіму Падталыхіна, да яго радні – ён з Украіны быў. Але ніколі не забывала ні пра сваю вёску, ні пра нас. Мне вунь прыслала некалі хусцінку ў падарунак, я і сёння ў ёй.
А тады, вясною 42-га года, на адным з хутароў каля вёскі Ёдзічы ў няроўным баі з немцамі загінуў 21 партызан. Людзі захавалі іх астанкі на месцы бою, а потым пераняслі ў брацкую магілу ў Вялікую Бераставіцу. А на месцы гібелі партызан стаіць помнік-камень.
Наш падпечак-схованка
Не ведаю, як трапіла да нас тая маладая яўрэйская дзяўчына – можа, уцякла з прымусовых работ на будаўніцтве дарогі, якую яўрэі якраз і брукавалі, пакуль іх усіх не знішчылі – але помню толькі, як хавалі мы яе пад печчу. Толькі потым, ужо падросшы, зразумела, наколькі рызыкаваў наш тата. Прычым, рызыкаваў не толькі сабою, але ўсёю нашай сям’ёй. Бо адным днём зайшлі ў хату немцы з паліцаямі. Бацькі аслупянелі ад страху: думалі, нехта бачыў, што хаваюць дзяўчыну і данёс. Аднак усё абышлося, прычына “візіту“ няпрошаных гасцей была зусім іншай. Больш я той дзяўчыны ніколі не бачыла і мы не ведалі, ці засталася яна ў жывых.
Падпечак наш саслужыў нам не адну добрую службу. Ніколі не забуду, напрыклад, і такі эпізод. Калоць для сябе свіней забаранялася, усё мяса павінна было ісці для “вялікай Германіі”. Але людзі калолі, хаваючыся па начах, нават смалілі парсюкоў у хатах, шчыльна завешваючы вокны коўдрамі. Вось і мы расстараліся свежаніны. Мяса закапалі, мусіць, у бочках у зямлю, а каўбасы, яшчэ сырыя, не спечаныя, схавалі зноў-такі пад прыпечак, шчыльна закрыўшы яго заслонкай. І, як на тую бяду, немцы ў той дзень штосьці шукалі па вёсцы з сабакам. Зайшлі і да нас. Я ўбачыла, як у мамы задрыжалі ад страху рукі. Каб выратаваць нас ўсіх, а таксама і каўбасы, я ціхенька падпаўзла да прыпечка і села спіной да заслонкі. А сабака падышоў да мяне ўшчыльную і рычыць – чуў, вядома, пах свежага мяса. Я ж рабіла выгляд, што надта моцна яго баюся, засланялася рукамі, усхліпвала. Калі немцы пайшлі, ледзь не страціла прытомнасць, бо не проста ж рабіла выгляд, што баюся таго сабакі, але і на самой справе баялася яго да жаху…
“Нашы
наступаюць!”
– гэтую радасную чутку, пачуўшы яе ад бацькоў, мы, дзеці, разносілі па ўсёй вёсцы. А на ўсходзе сапраўды грымела, раздаваліся выбухі. Помню, як у дуброве ўпаў, збіты немцамі савецкі самалёт. Мы бегалі глядзець: яма там была вялізная і дагаралі рэшткі машыны. Двух лётчыкаў пахавалі на рудаўлянскіх могілках.
Немцы не проста ўцякалі, а адстрэльваліся. Нашы, казалі дарослыя, акопваліся кіламетрах у двух ад вёскі, на коматаўскай гары. У нас на падворку кухня салдацкая стаяла, ох і смачна было дзетвары частавацца салдацкай кашай! Але гэта ўжо потым было. А спачатку ўсе капалі і насцілалі зверху бярвеннем сховішчы на агародах. Выкапаў і наш татка, Толькі мама надта баялася, што ў час стральбы можам пацярпець мы, дзеці. І адправіла нас да сваякоў у Плюскалаўцы, дзе было, казалі, больш спакойна. Там мы прабылі цэлы тыдзень. А ў нашых Рудаўлянах тым часам здарылася-такі трагедыя. Снарад упаў каля аднаго са сховішчаў на агародах, бацькі загінулі, а дзяцей раніла: аднаму вока пашкодзіла, другому пальцы на назе і руцэ адарвала. Лячыла іх рознымі зёлкамі бабуля, і на ногі абодвух потым падняла, выгадавала.
Нашы прагналі немцаў, але рэха вайны яшчэ доўга даносілася да вёскі. Мужчын забралі на фронт. Многія хлопцы і дзяўчаты, у тым ліку і мой старэйшы брат, парабкавалі ў Германіі. Праз нейкі час хлапчукі, пасвячы кароў, знайшлі снарад і корпаліся ў ім. Снарад разарваўся: аднаго хлапчука забіла, другому адарвала пальцы…
P.S. Вайна ад нас усё далей, з дня вызвалення Бераствіччыны прайшло ўжо 69 год. Але пакуль жывыя сведкі тых дзён, мы абавязаны зноў і зноў распытваць іх пра тыя страшныя падзеі, каб перадаць усё сваім нашчадкам.