СВК “Алекшыцы” – адна з самых паспяховых гаспадарак раёна, дзе пастаянна клапоцяцца пра далейшае развіццё і рост дабрабыту людзей. Удалым выдаўся для гэтага калектыву і мінулы год. Пры заданні 107 працэнтаў росту валавой прадукцыі рэальны паказчык дасягнуў 108,6 працэнта, што вельмі радуе. Нарошчваць вытворчасць выгадна, гэта залог сапраўднай упэўненасці ў заўтрашнім дні. Прыемна адзначыць, што ў СВК “Алекшыцы” ў мінулым годзе забяспечана выкананне асноўных вытворчых паказчыкаў.
Добры прыбытак дала ўся прадукцыя раслінаводства. Аддачу прынеслі рапс і іншыя запатрабаваныя культуры. Рэнтабельнасць рапсу дасягнула 136 працэнтаў, кукурузы – 81, цукровых буракоў – 76, збожжа – 62. А ніжэй сабекошту, напрыклад, прадаюць у гаспадарцы сена людзям, каб падтрымаць малаказдатчыкаў, заахвоціць іх трымаць жывёлу.
Валавы збор збожжа з кукурузай у вазе пасля дапрацоўкі ў мінулым годзе склаў 11 тысяч 346 тон. Ураджайнасць збожжавых з кукурузай была 66,7 цэнтнера з гектара, рапсу – 18,9. У гаспадарцы найбольшую ўдзельную вагу ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства атрымалі за кошт цукровых буракоў. Ураджайнасць салодкіх каранёў у мінулым годзе дасягнула 685 цэнтнераў з гектара, што на 142 больш, чым у 2011-ым. Прыбытак ад цукровых буракоў склаў 2 мільярды 133 мільёны рублёў.
Для патрэб жывёлагадоўлі ў сельгаскааператыве нарыхтавалі з запасам якасных кармоў. На ўмоўную галаву атрымалася 35 цэнтнераў кармавых адзінак, у тым ліку 21 цэнтнер кармавых адзінак травяных кармоў.
Уся прадукцыя жывёлагадоўлі рэнтабельная. Аднак самы высокі прыбытак у 2012 годзе дало малако. Яго рэнтабельнасць дасягнула 65,6 працэнта. Вышэйшым гатункам і “экстрай” здалі 97,6 працэнта сыравіны пры таварнасці 92,5 працэнта. У агульнай выручцы доля прадукцыі жывёлагадоўлі склала 85 працэнтаў, а найбольш атрымалі ад рэалізацыі маладняку буйной рагатай жывёлы – прыкладна 41 мільярд рублёў.
Без удалых інвестыцый не бывае далейшага эфектыўнага развіцця. Нягледзячы нават на своечасовае абслугоўванне і добры догляд, тэхніка зношваецца, таму час ад часу прыходзіцца купляць новую. У мінулым годзе быў набыты новы кормаўборачны камбайн “Ягуар”. А ў гэтым годзе плануюць купіць трактар беларускай вытворчасці і апырсквальнік.
Рэнтабельнасць па сельгаскааператыву ў цэлым дасягнула ў мінулым годзе 41,4 працэнта. Гэта вельмі добры паказчык. Усе віды прадукцыі, якая рэалізуецца, прыбытковыя. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг склала 85,9 мільярда рублёў. Прыбытак па канчатковым фінансавым выніку атрымаўся 21,9 мільярда рублёў.
Ніна Наддэ