Дзяцінства, апаленае вайной… Наколькі цяжка зразумець гэтыя словы тым, хто ведае пра вайну толькі з кніжак, фільмаў. Дакрануцца да жывой і, на жаль, вельмі жудаснай і трагічнай гісторыі вайны змаглі вучні Малабераставіцкай СШ падчас сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі.
Дадзеная сустрэча пад назвай “Урок жывой гісторыі” адбылася ў рамках дэкады “Музей і дзеці”, прысвечанай 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Актывісты школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” разам з яго кіраўніком Тамарай Іванаўнай Эйсмант запрасілі на сустрэчу жанчын, якія сталі сведкамі вайны ў дзяцінстве.
Хвалюючая сустрэча праходзіла ў школьным музеі. Вучні 8-11 класаў шчыра віталі гасцей, якія з вялікім задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне дзяцей. Тамара Іванаўна прадставіла вучням Рамуальду Сцяпанаўну Глябовіч, Зою Аркадзьеўну Бараноўскую, Ніну Мікалаеўну Гоганаву і Галіну Іванаўну Галабурда. У кожнай жанчыны было сваё жыццё, але іх аб’яднала вайна.
Гаворку пра страшныя падзеі вайны, якія назаўжды засталіся ў памяці і сэрцы дзяцей, пачала Рамуальда Сцяпанаўна Глябовіч. Родам жанчына з вёскі Ігнатавічы, што ў дзевяці кіламетрах ад Малой Бераставіцы. У іх сям’і было сямёра дзяцей. І вось з вялікім хваляваннем Рамуальда Сцяпанаўна расказвае:
— Калі пачалася вайна, мне было 6 гадоў. Добра памятаю, як аднойчы ў хату прыйшлі немцы (бацькоў не было ў хаце, яны пайшлі жаць), я была за старэйшую з малодшымі сястрой і братам. Немцы пыталіся пра зброю. “Чы ест бронь?” – запытаў немец на польскай мове (у вёсцы тады размаўлялі па-польску). Я вельмі спалохалася, затуліла сабой малодшых і адказала: “У нас няма Броні (жаночае імя), толькі я – Ромця, Стася і малы Манюсь”, так называліся мае сястра і брат. Не разумела я тады, што немцаў цікавілі не імёны дзяцей, а зусім іншае – зброя. Пазаглядалі немцы па ўсіх кутках невялікай хаты, папаролі штыкамі ложак і пайшлі далей. Калі вярнуліся бацькі, я ім расказала пра немцаў. У нашай вёсцы ўсе людзі трымалі шмат хатняй жывёлы, а калі прыйшлі немцы, яны забіралі кароў, свіней, прычым, у першую чаргу лепшых. У нас была вельмі прыгожая карова, наш татусько (так мы называлі свайго бацьку) вельмі не хацеў яе аддаваць, дык немец амаль не забіў яго ў нас на вачах. Вельмі страшна было, калі адбываліся бамбёжкі. Мы добра адрознівалі па гуку, калі ляцеў савецкі снарад, а калі нямецкі. Памятаю, як снарад папаў у суседнюю хату – усё разбамбіла. Мы хаваліся тады ў схроны (скляпы), нельга было выходзіць на вуліцу, ежу нам прыносілі ў схрон. Нам часта даводзілася ўцякаць з вёскі. Аднойчы мы, дзеці, прыбеглі ў суседнюю вёску Белакозы, а там быў немец, ён паказаў, што трэба бегчы на Уснар (цяпер Польшча). Там нас пакармілі тварагом і паклалі спаць на саломе. Страшна было, калі праз вёску праходзіў абоз, на вазах везлі параненых, акрываўленых салдат. “Піць, піць, дабі мяне, дабі!” – чуюцца мне гэтыя словы салдат, якія мелі шматлікія раненні. Мы вельмі плакалі, гледзячы на салдат. Побач з нашай вёскай знаходзілася вёска Кудрычы. Немцы даведаліся, што ў вёсцы былі камуністы, спалілі вёску, а некалькіх мужчын пагналі за вёску, загадалі самім выкапаць ямы і расстралялі іх. Мая цёця, родная сястра мамы, жыла ў вёсцы Міленкі (цяпер гэта Польшча) і часта забірала нас да сябе. У Міленках было гета, дзе трымалі яўрэеў. Я бачыла, як немцы здзекаваліся з іх.
Цяжкім было дзяцінства і Зоі Аркадзьеўны Бараноўскай, ураджэнкі вёскі Пыхоўчыцы, якая знаходзіцца ў 8 кіламетрах на поўнач ад Малой Бераставіцы. Зоя Аркадзьеўна ўспамінае:
– 22 чэрвеня 1941 года, у нядзелю, было вельмі добрае надвор’е. У Крынках (цяпер Польшча) быў базар, мае бацькі і іншыя жыхары вёскі паехалі туды, а вярнуліся ў абед вельмі сумныя – пачалася вайна. Вечарам у вёску прыйшлі немцы, затым яны паехалі на рэчку Свіслач, глядзелі, дзе быў брод, каб пераправіцца. Назаўтра машынамі прыехалі яшчэ немцы, на шапках яны мелі асаблівыя какарды з выявамі чэрапа, гэта быў самы страшны атрад. Мой тата працаваў настаўнікам, калі аб гэтым даведаліся немцы, яны палічылі яго за камуніста. На досвітку немцы акружылі вёску з ўсіх бакоў, бацьку схапілі адразу, мама даіла карову. Яе забралі з хлява. Мы, дзеці, засталіся адны: мне было 7 гадоў, брату – 11, а сястры – 3 гады. Нас пачалі даглядаць і хаваць іншыя людзі, бо дзяцей камуністаў таксама забіралі, вывозілі ў канцлагеры, у іх бралі кроў для нямецкіх салдат. Есці нам прыносілі толькі ноччу, а спалі мы ў гумне. Там ляжала сена, у якое мы зарываліся, каб нас не знайшлі немцы. Хаваць дзяцей камуністаў было вельмі страшна, бо калі немцы даведаліся аб гэтым, такіх людзей расстрэльвалі. Мама была цяжарнай, калі немцы забралі яе ў Беластоцкую турму, у турме мама нарадзіла хлопчыка. Праз шэсць месяцаў маме ўдалося вярнуцца разам з сынам дамоў. Мой брат жыве і цяпер, ён лічыцца непаўналетнім вязнем фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Цяжкім было жыццё ў акупацыі. У канцы вайны, калі немцы адступалі, праз нашу вёску праляталі снарады, ішлі танкі. Трэба было ўцякаць з вёскі. Мы, малыя дзеці, праз лес пайшлі ў вёску Гольні, якую ўжо вызваліла Чырвоная Армія, каб перачакаць ваенныя дзеянні. Калі мы вярнуліся дамоў, уся вёска была разруйнавана, нашай хаты не было. Пасля вайны жыць было вельмі цяжка. Асабліва не было чаго есці. Памятаю, нам давалі па кавалачку хлеба, яго мы маглі з’есці адразу або раздзяліць на цэлы дзень.
Вайна застала Ніну Мікалаеўну Гоганаву на радзіме, на Гомельшчыне, у Добрушскім раёне. Ніна Мікалаеўна з хваляваннем ўспамінае:
— Мне ішоў чацвёрты год, я трохі памятаю, як пачалася вайна. Вёска, у якой жыла мая сям’я, была вельмі вялікая. А калі пачалася вайна, усе жыхары пакінулі хаты і сталі капаць акопы. Гэта былі вялікія квадраты, яны закрываліся дошкамі, зверху іх засыпалі зямлёй, каб не было відаць. У зямлянкі заносілі пасцель, адзенне, ежу. Усю вайну мы пражылі ў зямлянках, так было бяспечней. Мама і бабуля хадзілі дамоў позна вечарам, прыцямнялі вокны, варылі ежу, а раненька прыносілі яе ў зямлянкі. Аднойчы, калі мы з бабуляй ішлі, каля нас разарваўся снарад, бабулі вырвала кусок нагі, а мне трапіў асколак у шыю. Бабуля перавязала рану сабе і мне ў акопе. Мой дзядуля быў лекарам-траўнікам, бабуля прыкладала нейкія траўкі сабе і мне на раны. Яны хутка загаіліся, але шрам ад той раны застаўся ў мяне на ўсё жыццё. Добра памятаю, як прыйшлі немцы, зарэзалі свінню і сталі гатаваць нешта. Затым яны сабралі ўсіх людзей і загадалі напячы ім хлеба ў дарогу. Калі б жыхары ім адмовілі, то яны маглі расстраляць усіх. Таму ў адну хату вяскоўцы зносілі ўсю муку, хто колькі мог, затым пяклі хлеб і аддавалі немцам, каб выратаваць сваё жыццё. Аднойчы ў кузні спалілі 17 жыхароў. Мая цётка расказвала мне, як немцы здзекваліся з зусім малых дзяцей. Яны распрана лі іх, садзілі голымі на калы ў плоце, адзін немец трымаў дзіця, а другі страляў. Усё гэта адбывалася на вачах матуль. Жанчыны не вытрымвалі такога здзеку, яны трацілі прытомнасць, а немцы іх дабівалі. Вельмі страшны голад панаваў у час вайны. Мы збіралі гнілую бульбу, з якой мама пякла аладкі, елі гусіную траву, лісце лебяды, крапіву. Елі таксама катоў, сабак, птушак. Памятаю, як аднойчы брыгадзір дзяліў здохлага каня, мяса зварылі і ўсім раздалі па кавалачку. Але я адмовілася есці і павесіла кавалачак таго мяса на галінку вішні. У час галадоўкі сушылі бульбяныя лушпіны і затым мама варыла з іх пахлёбку. На вайне ў мяне загінула 7 чалавек: 4 дзядькі, дваюрадны брат, тата і дзед. Бабуля мая памерла з голаду ў 1946 годзе, а мама – у 1947. Памятаю Дзень Перамогі, калі лятаў нізка над зямлёй самалёт з чырвоным сцягам, і ўсе выходзілі з зямлянак.
Галіна Іванаўна Галабурда нарадзілася пад горадам Ржэвам у Расіі, дзе былі вельмі страшныя баі. З цяжкасцю вымаўляе Галіна Іванаўна кожнае слова:
— Мне было 5 гадоў, калі пачалася вайна. Дзіцячая памяць вельмі трывалая, у мяне перад вачыма стаяць усе жудасныя моманты вайны. Чатыры гады голаду, страху, холаду… Вельмі страшным быў манатонны гул самалётаў, якія бамбілі чыгунку. Чорны дым ад разбітых вагонаў падымаўся высока. Людзі неслі з вагонаў усё, што маглі. Затым з’явіліся немцы ў касках з аўтаматамі. Мы, дзеці, прытуляліся да бацькоў, калі немцы выскаквалі з машын, і, пагражаючы аўтаматамі, патрабавалі цукар, масла, яйкі і іншыя прадукты. У дварах яны лавілі курэй, наступалі нагой ім на галаву, адрывалі яе. Курэй з адарванымі галавамі кідалі ў машыну. Нам застаўся толькі адзін певень, якому ўдалося без галавы выскачыць з машыны, немец за ім доўга бегаў, але так і не злавіў. У нашым доме быў штаб. Бацька выкапаў акоп, у якім мы жылі. У нашай сям’і было 12 дзяцей. Яшчэ ў нашым доме адна жанчына нарадзіла двайнят, так яны і засталіся з намі ў зямлянцы. За рэчкай, у паўтара кіламетрах ад нас, была вёска Плотнікава, дзе стаяла наша армія. Кулі, снарады часта ляцелі праз наш акоп. Нельга было набраць нават снегу – вельмі пахнуў дымам. На досвітку мы чулі ў салдацкіх акопах крыкі “За Радзіму! За Сталіна!” Калі выйшлі з зямлянкі, то ўбачылі забітых салдат. У нас таксама не было чаго есці. Даводзілася есці звараныя шкуры здохлых жывёл. Часта збіралі конскае шчаўе, і з яго мама варыла страву. На вайне загінула мая сястра. Яна падарвалася на міне, якая была ў тым месцы, дзе расло шчаўе. Мая другая сястра была ў канцлагеры. На шчасце, ёй удалося выратавацца і вярнуцца жывой дадому.
У час размовы жанчыны дапаўнялі адна другую, ім было яшчэ шмат пра што расказаць…
А вучні, затаіўшы дыханне, ні на хвіліну не маглі парушыць панаваўшую ў музеі цішыню, слухаючы пра цяжкі перыяд жыцця дзяцей вайны.
Словы шчырай удзячнасці за размову, за пажаданні міру і шчаслівага дзяцінства выказала гасцям ад імя ўсіх вучняў вучаніца 11 класа Вераніка Майсевіч і пажадала ім моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця. На памяць аб гэтай вельмі важнай і неабходнай для іх сустрэчы вучні падарылі гасцям кветкі і памятныя падарункі.
Урок жывой гісторыі, амаль дзве гадзіны якога прайшлі вельмі хутка, глыбока крануў душу кожнага дзіцяці і назаўжды застанецца ў памяці вучняў.
Вікторыя Кісялеўская,
дырэктар
Малабераставіцкай СШ