11 снежня на базе Вялікабераставіцкай сярэдняй школы адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Павіншаваць юных бераставічан з пачаткам акцыі, якая прызвана падарыць радасць навагодніх свят кожнаму дзіцяці, прыйшлі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чыкун, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Панкевіч і кіраўнікі раённых грамадскіх аб’яднанняў: старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Мышко, старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова, першы сакратар райкама БРСМ Ірына Вайцюк, дырэктар раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Наталля Кудлаш, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Алена Філіповіч і намеснік старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Таццяна Жэнгелевіч.
— Сёння ў нашай краіне стартуе штогадовая акцыя “Нашы дзеці”, — адзначыў адкрываючы акцыю намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чыкун, — у яе час дарослыя пастараюцца зрабіць усё, каб дзеці весела і цікава правялі навагоднія і калядныя святы, каб канікулы, якія хутка ўжо надыдуць, запомнілася цікавымі падзеямі. Сяргей Ягоравіч пажадаў школьнікам моцнага здароўя, аптымізму, добрага настрою, паспяхова закончыць навучальную чвэрць і добра адпачыць у час зімовых канікул.
Каб парадаваць прысутных у зале, валанцёры атрада “Добрае сэрца” разыгралі латарэю і ўручылі «шчасліўчыкам» невялікія падарункі. Цудоўны настрой падарылі роставыя лялькі, а таксама канцэртныя нумары ад юных талентаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і Вялікабераставіцкай сярэдняй школы.
Акцыя “Нашы дзеці” стартавала. Наперадзе шэраг мерапрыемстваў, якія правядуць і грамадскія аб’яднанні. У прыватнасці, “Ёлка жаданняў” ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, якая прадугледжвае збор сродкаў на навагоднія падарункі для дзяцей з маламаёмасных сямей.
— Актыўна ўключацца ў правядзенне акцыі і прафсаюзныя арганізацыі, — адзначыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Мышко, — ні адно дзіця не застанецца без падарунка, таксама ва ўсіх аграгарадках будзем прымаць удзел у святкаванні Новага года.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі традыцыйна правядзе дабрачынную акцыю “Цуды на Ражство”, у час якой актывісты БРСМ з падарункамі і мерапрыемствамі наведаюць дзяцей, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў медыцынскіх установах, а таксама арганізуюць віншаванне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і дзяцей-інвалідаў.
Старшыня раённага савета ветэранаў Алена Сілкова запэўніла, што падрыхтуюць навагоднія падарункі дзецям і ветэраны, якія займаюцца ў гуртках дэкаратыўна-прыкладной творчасці базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва.
А адным з найбольш яркіх мерапрыемстваў, арганізаваных раённым аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду, будзе выязное пасяджэнне клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”, якое пройдзе ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.
Ну і, вядома ж, кульмінацыяй акцыі “Нашы дзеці” стане раённая дабрачынная ёлка, якая запланавана на 27 снежня.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара