З пачаткам хлебаўборачнай кампаніі гарачая пара пачалася не толькі для работнікаў сельскіх гаспадарак, але і для супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях…
Штодзённа ў рамках месячніка пажарнай бяспекі, які праводзіцца з 18 ліпеня па 18 жніўня, інспекцыя па пажарным надзоры здзяйсняе рэйды ў СВК раёна з мэтай ажыццяўлення маніторынгу супрацьпажарнага стану сельскагаспадарчых аб’ектаў. Падставай стаў адпаведны дакумент Савета Міністраў “Аб дадатковых мерах па забеспячэнні бяспекі правядзення масавых уборачных работ у сельскай гаспадарцы”, які быў прыняты ў мінулым месяцы. Інспектары РАНС правяраюць, як ажыццяўляюцца дзяжурствы вартаўнікоў, наяўнасць на аб’ектах сродкаў сувязі, пярвічных сродкаў пажаратушэння, а таксама аснашчанасць машын і механізмаў супрацьпажарнымі сродкаміі.
Нядаўна карэспандэнт “раёнкі” прыняла ўдзел у рэйдзе ў СВК “Цецяроўка” разам з інспектарам групы па прапагандзе і навучанні РАНС Я.Я.Шапавалавым. Інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі М.М. Конік прадэманстраваў і расказаў, якія меры па супрацьпажарнай бяспецы прымаюцца на тэрыторыі КЗС і на ўчастку “Цецяроўка-3”. Інспектар РАНС адзначыў, што збожжаўборачная тэхніка ў гаспадарцы ўкамлектавана неабходным наборам супрацьпажарных інструментаў. Абсталяванне, якое выкарыстоўваецца на КЗС, мае спраўныя іскрагасільнікі. Вогнетушыцелі таксама адпавядаюць неабходным патрабаванням.
Але, разам з тым, у асобных гаспадарках раёна маюцца некаторыя парушэнні. Так, падчас рэйда ў панядзелак было выяўлена, што на тэрыторыі КЗС у вёсцы Каменка (СВК “Малабераставіцкі элітгас”) эксплуатаваўся “самазвал” без іскрагасільніка, а ў пажарным шчытку на збожжаачышчальнай лініі адсутнічала лапата.
Усяго ж пасля больш за 20-ці рэйдаў было складзена 10 адміністрацыйных пратаколаў на кіраўнікоў і службовых асоб сельскіх гаспадарак. Агульны памер штрафу склаў звыш 1 мільёна рублёў.
На здымку: А.М.Дудзінскі дэманструе тэхніку, прыстасаваную для мэт пажаратушэння.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ,
фота аўтара