Своечасова і якасна падрыхтаваная ўборачная тэхніка ў СВК імя Варанецкага гатова была эфектыўна працаваць на мінулым тыдні, але кароткачасовыя дожджыкі або лішняя вільгаць не давалі па-сапраўднаму “развярнуцца” жніву. Чакалі добрага надвор’я і спецыялісты, і камбайнеры, ды што казаць, і ўсе мы, таму што хлеб спрадвеку – усяму галава. А эфектыўна “змагацца” з “капрызамі надвор’я” ва ўсім свеце прынята “дыктатурай тэхналогій”. Такім майстэрствам хлебаробы на Бераставіччыне авалодалі, аб чым сведчаць ранейшыя здабыткі аграрыяў. Будзем спадзявацца, што і гэты год, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, усё ж “не падвядзе” працаўнікоў сельскай гаспадаркі, апраўдае іх спадзяванні.
Пачалі ўборку азімага рапсу ў СВК імя Варанецкага 16 ліпеня, на 20 ліпеня намалот склаў 211 тон, ураджайнасць – 40,8 цэнтнераў з гектара.
У пятніцу мне давялося сустрэцца ў СВК імя Варанецкага з экіпажам магутнага камбайна “Лексіён-580”, за штурвалам якога быў вопытны старшы камбайнер Антон Іядкоўскі і камбайнер Павел Лагада, а адвозіў зерне вадзіцель Мар’ян Седзянеўскі. Стаж у Антона Іядкоўскага пачаў свой адлік у 1988 годзе, а на жніве ён 9-ы сезон. Адмысловую спецыяльную жняярку майстар сваёй справы адрэгуляваў так, каб яна зрэзвала буйнае сцябло вышэй, каб не прапускаць праз тэхніку лішнюю масу.
— Ці лягчэй убіраць рапс, чым іншыя культуры? – запыталася я.
— Не, у кожнай культуры свая спецыфіка, — адказаў механізатар. – Да кожнай трэба мець “свой падыход”, тады ўсё будзе добра.
Павел Лагада – бераставічанін, закончыў трэці курс Жыровіцкага каледжа, авалодвае спецыяльнасцю механіка, а на канікулах вырашыў папрацаваць на жніве. Гаворыць, што гэта яму няцяжка і вельмі падабаецца.
Шчырае задавальненне ад работы на зладжаным “жніўным канвееры” выказваў і Мар’ян Седзянеўскі, які адвозіў рапс. За рулём ён ужо 20 гадоў. А на поле з цудоўным рапсам, які разлапістымі галінамі імкнуўся “абняць сіняе неба”, добрай тэхнікай і стараннымі людзьмі, было люба глянуць…
Ніна Наддэ,
фота аўтара