Уладзімір Шыдлоўскі працуе з аддачай

Сельское хозяйство Человек и его дело

img_7591У параўнанні з “мінулым векам” жывёлагадоўля ў нашай краіне зрабіла значныя крокі наперад. Нарыхтоўцы якасных кармоў пастаянна надаецца вялікая ўвага. На мінулы тыдзень на Бераставіччыне было нарыхтавана сенажу ў траншэях 104025 тон, у тым ліку з кансервантам — 74675 тон. Праведзены даследаванні 103334 тон запатрабаванага корму. Магчыма, чытачоў зацікавіць, ці правяраецца “зялёны скарб” на ўтрыманне нітратаў? Безумоўна, правяраецца, і адпаведны паказчык у нас у норме. А па ўтрыманні караціну, правітаміну А, які вельмі важны для функцыянавання ўсіх сістэм жывога арганізма, першаму класу адпавядаюць 79 працэнтаў сенажу, другому – 20 працэнтаў, трэцяму – 1 працэнт. Па ўтрыманні сухога рэчыва першаму-трэцяму класу адпавядае ўсё нарыхтаванае. Зроблены добры запас, на палях раёна працягваецца нарыхтоўка кукурузнага сіласу. У палявыя работы ўнеслі свае карэктывы нядаўнія сюрпрызы надвор’я – моцныя дажджы стваралі затрымкі вытворчасці.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” самыя добрыя словы мне давялося пачуць пра Уладзіміра Шыдлоўскага (на здымку). А сустрэліся мы з ім, калі ён клапатліва ўвіхаўся каля свайго магутнага кормаўборачнага камбайна “Нью-холанд”. Восем гадоў шчыруе на ім камбайнер і вельмі шануе такую добрую тэхніку. На нарыхтоўцы кармоў у СВК “Малабераставіцкі элітгас”, дзе зрабілі стаўку на дынамічнае развіццё малочнай жывёлагадоўлі, Уладзімір кожны год працуе з аддачай, таму і заслужыў шчырую павагу ў калектыве. Камбайнер нарыхтоўваў сянаж, затым на чарзе ў карагодзе асенніх работ – назапашванне кукурузнага сіласу.
І хоць тэхніка выдатная, аднак ад самога механізатара таксама многае залежыць.
— Тэхніка выдатная, паслухмяная, — мяркуе вопытны і адказны трактарыст, — але на нарыхтоўцы кармоў расслабляцца немагчыма. Аб’ём работы вялікі, і за ўсім трэба пільна сачыць. На такой “далікатнай” тэхніцы трэба быць уважлівым, адразу рэагаваць на тое, што падказвае інтуіцыя.
Тым, як склалася яго жыццё, Уладзімір задаволены. Ён мясцовы, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. З тэхнікай упэўнена ідзе па жыцці, іншага занятку для сябе не ўяўляе. У кабіне камбайна адчувае сябе гаспадаром, а немалы аб’ём выкананай работы прыносіць яму шчырае маральнае задавальненне. Дома стомленага пасля змены бацьку чакаюць дзве цудоўныя гарэзлівыя дачушкі – яго радасць і ўцеха. З моцным тылам і работа ў радасць.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *