Кожнаму з нас хочацца заўжды быць маладым, здаровым і прыгожым. Але так ужо ўстроена на свеце: на змену маладосці прыходзіць сталасць, а потым наступае пара мудрасці, калі чалавек ведае поўную цану і духоўным каштоўнасцям, і самому жыццю. Нездарма малым і нават дарослым унукам-праўнукам найбольш камфортна, цёпла і ўтульна менавіта побач з бабулямі і дзядулямі – яны адчуваюць іх бясконцую і мудрую любоў, пяшчоту, ласку і незвычайную абароненасць ад любых нягод.
Разам з тым, маладым нельга забывацца, што і пажылыя людзі таксама маюць, як ніколі раней, патрэбу ў разуменні, падтрымцы і, вядома, у асаблівай душэўнасці ва ўзаемаадносінах. У іх узросце ўжо не пахвалішся здароўем, таму ўвага і клопат пра пажылога чалавека не бываюць празмернымі.
На першае верасня ў нашым раёне пражывала 4140 пенсіянераў па ўзросту, сярод іх 31 ветэран Вялікай Айчыннай вайны, 74 вязняў фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і тых, хто быў прымусова вывезены на работы ў Германію. Сярод усіх гэтых людзей 398 чалавек – адзінокія. Многія пажылыя людзі маюць ужо вельмі шаноўны ўзрост, а чатыры жыхары раёна адзначылі 100-гадовы юбілей.
Для сацыяльнай падтрымкі пажылых землякоў у раёне дзейнічае комплексная праграма развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады. Ва ўмовах, максімальна прыбліжаных да хатніх, жывуць бабулі і дзядулі ў Макаравецкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу, разлічаным на 20 чалавек. А ў аграгарадку Алекшыцы функцыяніруе аддзяленне часовага кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Сёння тут жыве 17 чалавек.
Пашыраецца сацыяльнае абслугоўванне на даму. На першае верасня сацыяльныя работнікі даглядалі 245 пажылых, з якіх 172 – вяскоўцы. Укараняюцца і новыя формы абслугоўвання. Створаны дзве прыёмныя сям’і, дзе пажылыя людзі, якія маюць патрэбу ў сацыяльных паслугах, жывуць разам з гаспадарамі і вядуць агульную з імі гаспадарку.
Двойчы на год праводзіцца комплекснае абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў вайны, пажылых людзей, адзінокіх інвалідаў I і II груп. З улікам выяўленых патрэбнасцяў затым аказваецца неабходная дапамога – у прыватнасці, у рамонце дамоў і пячнога ацяплення, устаноўцы і замене аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў.
Не застаюцца ўбаку ад вырашэння задач па сацыяльнай падтрымцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, інвалідаў і пажылых людзей установы медыцынскага, гандлёвага, бытавога абслугоўвання. Выязны гандаль забяспечвае таварамі паўсядзённага попыту жыхароў аддаленых населеных пуктаў раёна, у іх бяруцца таксама заказы на дастаўку тавараў лёгкай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў. Наладжана і бібліятэчнае абслугоўванне з дастаўкай кніг на дом. Клубнымі і бібліятэчнымі ўстановамі раёна праводзяцца культурна-масавыя мерапремствы для пажылых, працуюць любіцельскія аб’яднанні. Папулярны ў раёне народны хор ветэранаў вайны і працы “Памяць сэрца”. Увогуле, сярод пажылых жыхароў раёна вельмі шмат людзей актыўных, творчых, цікаўных і нераўнадушных. Многія ў пенсійным узросце працягваюць працаваць.
Здароўя і даўгалецця вам, шаноўныя землякі!
Марыя Драпеза,
фота аўтара