У кожным сельгаскааператыве стараюцца, каб у аптымальны тэрмін і без страт сабраць багаты ўраджай. Сухое надвор’е спрыяла бесперабойнай рабоце. Напрыклад, у СВК “Алекшыцы” лідарамі з пачатку ўборкі збожжавых і зернебабовых сталі старшы камбайнер Валерый Карытка, вадзіцель Аляксандр Шалесны, экіпаж маладых камбайнераў Міхаіла і Мікалая Андрэйчыкаў, малады вадзіцель Сяргей Аўдзітоўскі (на здымку). Уклад пераможцаў раённага спаборніцтва адзначаны памятнымі сцяжкамі, Дыпломамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама, а таксама каштоўнымі падарункамі, якія ўручыў нядаўна першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый Кадргулаў. А першы сакратар Бераставіцкага райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Ірына Крывапляс уручыла граматы маладым лідарам на жніве таксама ў гэтым сельгаскааператыве.
У СВК “Макараўцы” такімі ж узнагародамі быў адзначаны ўклад маладзёжнага экіпажа Івана Носкі і Яўгена Мароза.
А 30 ліпеня старшыня Гродзенскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Іван Алізаровіч і старшыня Бераставіцкага райкама Уладзімір Апон пабывалі на хлебных нівах гаспадарак. Дыпломамі абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовымі прэміямі былі ўзнагароджаны старшы камбайнер СВК “Алекшыцы” Валерый Карытка, старшы камбайнер Віктар Ляховіч і камбайнер Андрэй Навумовіч з СВК “Макараўцы” (на здымку), экіпаж у складзе Сцяпана і Артура Талочкаў з СВК імя Варанецкага. Дыпломамі Бераставіцкага райкама работнікаў АПК і грашовымі прэміямі адзначаны ўклад лепшых вадзіцеляў. Гэта Аляксандр Жвалеўскі з СВК “Макараўцы”, Васіль Анісеня з СВК “Малабераставіцкі элітгас”, Аляксандр Шалесны з СВК “Алекшыцы”, Валерый Грынько з СВК “Цецяроўка”, Андрэй Шклярэцкі з СВК “Пархімаўцы”. Дыпломы райкама работнікаў АПК і прэміі былі ўручаны таксама экіпажу камбайнераў СВК “Малабераставіцкі элітгас” Валерыю Летка і Сяргею Касперчыку, экіпажу СВК “Макараўцы” Станіславу Вярышку і Антону Дабрэнку.
Шчыра віншуем! Далейшых вам працоўных перамог, шаноўныя!
Па раёне на 1 жніўня ўбрана звыш 80 працэнтаў ад запланаванага. Наперадзе па тэмпах уборкі СВК “Макараўцы” – 90 працэнтаў да плана, “Алекшыцы” і РУСП “Масаляны” – па 87 працэнтаў, СВК “Малабераставіцкі элітгас” – 86 працэнтаў.
Ніна Наддэ