Узнагароджана ордэнам Маці

Лента новостей

Прыемнай падзеяй завяршыўся 2012 год для сям’і Кароль з аг.Пагранічны. 29 снежня перад пачаткам чарговай сесіі Пагранічнага сельскага Савета дэпутатаў шматдзетная маці Жанна Кароль атрымала ва ўрачыстай абстаноўцы ордэн Маці.

Раздзяліць радасць з жонкай і маці прыйшла практычна ўся сям’я: муж і чацвёра сыноў, за выключэннем старэйшай дачкі Насці, якая вучыцца ў Гродне ў аграрным універсітэце.
Старшыня сельскага выканаўчага камітэта Іван Козел уручыў ордэн і кветкі прыгожай і трохі расхваляванай жанчыне, яе твар свяціўся такой радасцю, нібыта і няма ў яе паўсядзённых цяжкасцей і шматлікіх клопатаў. Адразу ж з віншаваннямі абступілі матулю сыны. Я на хвілінку затрымала Жанну Іванаўну, каб запытаць пра яе бачанне жаночага шчасця.
— А вось яно, маё шчасце, — усміхнулася жанчына, паказваючы на мужа і сыноў. – Галоўнае, каб дзеці былі здаровымі, каб у сям’і панавала згода і ўзаемаразуменне, тады любая жанчына будзе шчаслівая.
Да водпуску па догляду за дзецьмі Жанна Іванаўна працавала лабарантам па якасці малака ў СВК “Цецяроўка”. Раней сям’я Кароль жыла ў Кватарах, а нядаўна пабудавалі па льготнаму крэдыту для шматдзетных сямей новы дом у Пагранічным. Цяпер усе з задавальненнем займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля дома, гаспадыня асабліва любіць вырошчваць кветкі і ствараць наўкол прыгажосць.
А яшчэ ў вольны час Жанна Іванаўна захапляецца вышыўкай, бісерапляценнем, дарэчы, і сыны таксама праяўляюць да гэтага цікаўнасць.
— У мяне няма праблем з тым, хто памые посуд ці пасядзіць з малодшымі дзецьмі, — гаворыць жанчына, — старэйшыя сыны Алег і Андрэй мне ў гэтым вельмі добрая падмога.
-Ведаеце, а цяпер, калі старэйшыя дзеці рыхтуюцца пакінуць сямейнае гняздо, мы з мужам ужо нават сталі задумвацца аб тым, — кажа шматдзетная маці, — каб узяць яшчэ на выхаванне дзетак, якія воляй лёсу аказаліся без сям’і і бацькоў.
На развітанне я папрасіла Жанну Іванаўну выказаць навагоднія пажаданні нашым жанчынам.
— Не бойцеся нараджаць! – не задумваючыся, адказала яна. – Дзеці – самае вялікае шчасце для кожнай жанчыны. Радасці мацярынства ўсім вам, моцнага сямейнага шчасця і здзяйснення ўсіх мар.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *