“Удзел у выбарах – мой грамадзянскі абавязак”. Бераставічане актыўна галасуюць на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Выборы Лента новостей

З 4 па 8 жніўня ў Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтыя дні ўсе, хто не можа па тых ці іншых прычынах прыйсці на ўчасткі   ў асноўны дзень галасавання, 9 жніўня, маюць магчымасць зрабіць свой выбар. Скарысталіся гэтым правам і многія з бераставічан.

У пятніцу, 7 жніўня,  мы наведалі Старадварэцкі ўчастак для галасавання №12 і Пархімаўскі ўчастак для галасавання №11, каб паглядзець, як там арганізавана датэрміновае галасаванне.

— На нашым участку  датэрміновае галасаванне праходзіць зладжана і спакойна, заўваг да работы ўчастковай камісіі ў нас няма, — адзначылі назіральнікі, якія працуюць на Старадварэцкім ўчастку для галасавання №12. – Дарэчы, выбаршчыкі прыходзяць даволі актыўна.

— Я заўсёды ўдзельнічаю ў кожнай выбарчай кампаніі, лічу гэта сваім грамадзянскім абавязкам, — гаворыць жыхар аг. Стары Дворац Багдан Апазнанскі. – Цяпер гарачая пара ў вясковых жыхароў, у выхадныя дні будзе шмат працы, вось і вырашыў прагаласаваць датэрмінова.

— А я думаю на выхадныя паехаць у Гродна да дачкі, дык вось і скарыстаўся магчымасцю прагаласаваць тады, калі маю вольны час, — адзначае яшчэ адзін выбаршчык з гэтага ўчастка Уладзімір Таболіч. – Лічу, што і мой голас важны, асабліва цяпер, калі мы выбіраем кіраўніка краіны.

У спісках выбаршчыкаў Пархімаўскага ўчастка для галасавання №11  больш за 450 чалавек, і ўжо практычна чвэрць з іх зрабілі свой выбар. Як адзначылі на ўчастку, прычынамі, з-за якіх грамадзянін вырашыў прагаласаваць датэрмінова, члены камісіі  не цікавяцца – гэта асабістая справа кожнага.

На ўчастку асаблівую ўвагу звяртаюць на тых выбаршчыкаў, якія будуць галасаваць упершыню — іх тут зарэгістравана 5 чалавек. Для іх падрыхтаваны  невялікія сімвалічныя падарункі, каб гэты дзень маладым людзям абавязкова запомніўся.  Дарэчы, адна з іх – Анастасія Матыс, малады спецыяліст мясцовай гаспадаркі, ужо прагаласавала датэрмінова і атрымала віншаванні  ад старшыні ўчастковай камісіі Аксаны Аўдзітоўскай.

— На выбары я хаджу заўсёды, лічу, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – вельмі важная падзея для ўсіх нас, — кажа Наталля Дзегцяронак, якая прыйшла на ўчастак для галасавання са сваёй унучкай Веранікай.

—  Мы вельмі перажываем за будучыню сваіх дзяцей, за Беларусь, таму абавязкова ідзём галасаваць.  Я працую аператарам машыннага даення, у мяне ў нядзелю працоўны дзень,   таму вырашыла аддаць свой голас заранёў,

Прагаласаваць датэрмінова вырашыла і Алена Сакалоўская з сынам Сямёнам.

— Прыйшлі разам з сынам, ён вельмі хацеў сам апусціць бюлетэнь у ўрну, але вось бачыце, засаромеўся павышанай увагі да яго, — усміхаецца жанчына. – Я лічу, што трэба вучыць дзяцей грамадзянскай актыўнасці з малых гадоў.

Датэрміновае галасаванне працягнецца яшчэ заўтра, 8 жніўня. Участкі для галасавання ў гэты дзень будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 гадзін. 9 жніўня, у асноўны дзень галасавання, яны будуць адкрыты з 8.00 да 20.00 гадзін.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *