Кожны год намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, начальнік аддзела эканомікі і ўліку Віталій Сяўко, а таксама галоўныя эканамісты гаспадарак удасканальваюць свае веды. Нядаўна яны пабывалі на вучобе ў абласным цэнтры. Семінар-практыкум праводзіўся камітэтам сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама.
Па актуальнай тэме “Маркетынг Гродзенскага рэгіёна” прадставіў змястоўную інфармацыю дэкан факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага ўніверсітэта Лі Чон Ку. Размова вялася аб вывучэнні рынку і прасоўванні патрэбных тавараў.
Пра практыку прымянення палажэнняў Указа Прэзідэнта №510 ад 16 лістапада 2009 года “ Аб уда-сканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” паведаміў намеснік старшыні Гаспадарчага суда г. Мінска Сяргей Кулакоўскі.
На выяўленых парушэннях і іх прычынах спыніўся намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Анатолій Дарожка. А сапраўдны цікавы дыялог адбыўся па пытаннях аплаты працы. Яны хвалююць і эканамістаў, і працаўнікоў. Кансультацыі давала спецыялістам начальнік аддзела працы і заработнай платы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Паліна Кісляк.
Магчыма, тарыфная сетка будзе насіць рэкамендацыйны характар. У краіне зараз вядзецца вялікая работа па прывядзенні ў адпаведнасць заканадаўства з патрабаваннямі дырэктывы №4 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Былі на семінары нават “парады псіхолага”. Гэта таксама патрабуецца людзям у наш няпросты час, калі жыццё суправаджаюць стрэсы. Лекцыю на тэму: “Псіхалогія і карэкцыя агрэсіўных паводзін” прачытаў дацэнт кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Прудзіла. Ён параіў, як карэкціраваць паводзіны агрэсіўнага чалавека ў калектыве, каб папярэдзіць канфлікты. Выйграваюць тыя, хто ўмее «ахвяраваць» уласныя амбіцыі на карысць агульнай справе.
Ніна Наддэ