Удалы старт у самастойнае жыццё

Лента новостей

IMG_0046Менавіта такое ўражанне скла­­лася ў мяне пасля размовы з маладым бухгалтарам СВК “Пархімаўцы” Юліяй Хільман. Працуе яна тут па размеркаванні, а закончыла Ваўкавыскі аграрны каледж.

У школе Юлі падабаліся ўсе дакладныя прадметы, як яна жартуе, акрамя фізікі. Яна ёй і спатрэбілася, але затое матэ­матыка вельмі дапамагла, схіль­насць да яе сапраўды вызначыла лёс. Вучыцца ў каледжы было цікава. Напрыклад, прадметы “аналіз гаспадарчай дзейнасці” і “планаванне” шмат далі будучаму спецыялісту. Юнакам і дзяўчатам расказвалі пра эканамічныя законы, растлумачвалі, як пра­водзіць аналіз, распрацоўваць мерапрыемствы, якія б павысілі эфектыўнасць развіцця гаспадаркі. Цікавую інфармацыю прадстаўлялі па эканоміцы і арганізацыі вы­творчасці ў аграпрамысловым сектары. Выкладчыкі пашыралі кругагляд навучэнцаў, стараліся, каб прафесія выклікала цікаў­насць. У каледжы працуюць нераўнадушныя да сваёй справы людзі.
Сустрэлі па месцы размер­кавання дзяўчыну добразычліва. Спада­баўся і першы ў яе жыцці працоўны калектыў, і маляўнічыя мясціны навокал, а таксама вельмі ўразілі прыгожыя новыя дамы для сяльчан. Работа бухгалтара Юліі падабаецца, ёй зусім не сумна мець справу з “сухімі лічбамі”, як часта гавораць у такіх выпадках. Яны для яе зусім не “сухія”. Гэта вельмі важна, калі чалавек з юнацкіх гадоў знаходзіць сябе, сваё прызванне. Калі паўсядзённай рабоце спадарожнічае маральнае задавальненне, яна будзе спо­рыцца.
А са сваім будучым мужам Юля пазнаёмілася ў каледжы. Калі ён адслужыў у арміі, выйшла за яго замуж. Зараз Віталій Цвяткоў працуе ў СВК “Пархімаўцы” вадзіцелем. Работа яму таксама падабаецца. Маладой сям’і далі двухпакаёвую кватэру. Колькі радасці было абстаўляць сваё “гняздо” новай мэбляй, якую, вядома, дапамаглі купіць бацькі, упрыгожваць яго. Кватэра ўтуль­ная, і там жыве каханне, яно асвятляе паўсядзённае жыццё, дапамагае пераадольваць цяжкасці. Праблемы здараюцца ва ўсіх людзей, але важна, каб пры гэтым была падтрымка блізкага чалавека.
Калі ёсць добрая работа, выбраная па прызванні, моцная сям’я, жыллё, можна сказаць, што старт у маладых людзей у самастойнае жыццё сапраўды ўдалы.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *