Кліматычныя ўмовы, група спеласці гібрыдаў, тэрміны пасеваў– усе гэтыя акалічнасці неабходна ўлічваць сельгаспрадпрыемствам, каб да моманту ўборкі кукуруза дасягнула неабходнай спеласці. Увогуле, дакладна вызначыць тэрмін уборкі кукурузы на сілас на практыцы даволі складана.
На палетках КСУП “Пархімаўцы” гэтая культура яшчэ даволі зялёная, быцццам толькі-толькі ўзялася ў сілу, а між тым на календары ўжо восень.
Хутка раблю фотаздымак аднаго з удзельнікаў уборкі, камбайнера Мікалая Хілюты, бо ведаю, што дарма траціць час, калі надвор’е не падводзіць, – недазваляльна. Хвіліна-другая – і зноў за працу.
Тым часам вяду дыялог з галоўным спецыялістам па кормавытворчасці Яўгенам Сухоцкім, які зазначае, што найбольш каштоўнымі пажыўнымі якасцямі адрозніваецца сілас, атрыманы пры ўборцы кукурузы на этапе васковай спеласці кукурузных зерняў або ў канцы малочна-васковай стадыі. Вільготнасць зерня ў гэты перыяд складае каля 65-70%, утрыманне цукраў дастатковае, кіслотнасць сіласу атрымліваецца ўмеранай.
— Уборка кукурузы на сілас у КСУП “Пархімаўцы” пачалася яшчэ 19 верасня, — гаворыць Яўген Яўгеньевіч. – З 565 гектараў зямель, адведзеных у гэтым годзе пад пасевы кукурузы, на сілас і зерне прыпадае 395 і 170 гектараў адпаведна. На 19 кастрычніка кукурузы на зерне ўжо абмалочана звыш 25 гектараў (ураджайнасць 100 ц/га), а кукурузы на сілас скошана каля 220 гектараў (ураджайнасць 417 ц/га).
Для хуткай уборкі вялікае значэнне мае арганізацыя бесперабойнай транспарціроўкі сабранай з палеткаў зялёнай масы да сіласных сховішчаў. З гэтым праблем у сельгаспрадпрыемства не ўзнікае, бо калі на ўборцы кукурузы задзейнічана два камбайны, то на адвозцы – шэсць адзінак тэхнікі.
Убраць і вывезці культуру з палеткаў – гэта яшчэ палова справы.
Па словах Яўгена Сухоцкага, якасць сіласу непасрэдна залежыць ад своечасовай і якаснай яго герметызацыі. Бо калі ўшчыльненне недастатковае, рэзка ўзрастаюць страты пажыўных рэчываў, а пры занадта моцным ушчыльненні якасць сіласу пагаршаецца – павялічваецца ўтрыманне аміяку, воцатнай кіслаты, зніжаецца канцэнтрацыя малочнай кіслаты і амінакіслот.
У сельгаспрадпрыемстве якасць зялёнай масы адпавядае 1-2 класам.
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ, фота аўтара