Уборка зерневых і зернебабовых пачалася ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

Спякотныя летнія дні, якія ўсталяваліся на мінулым тыдні, гарачыя не толькі ў плане тэмпературы.
Аграрыям яны прынеслі гарачую пару ўборкі зерневых і зернебабовых культур. Ужо ў пятніцу, 6 ліпеня, першыя камбайны выйшлі на палеткі некаторых СВК раёна. У прыватнасці, як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, уборку азімага ячменю распачалі ў гэты дзень СВК “Пархімаўцы”, “Цецяроўка”, “Алекшыцы” і “Макараўцы”. У апошнюю гаспадарку мы і накіраваліся, каб зняць першы ў гэтым годзе выхад камбайнаў у поле.
Галоўны аграном СВК “Макараўцы” Алег Макулік даваў апошнія распараджэнні экіпажам камбайнераў (на здымку), якія пачалі ўборку азімага ячменю. На жніве гэтай культуры заняты шэсць экіпажаў камбайнераў, два з іх, якія ўзначальваюць Віталій Манцэвіч і Аляксандр Яўсейчык, — маладзёжныя, на ўборцы будуць працаваць другі год.
Пад азімы ячмень у гаспадарцы адведзена 50 га, а гэта пры добрым надвор’і на два дні работы, удакладніў галоўны аграном. Ураджайнасць гэтай культуры чакаецца больш 70 ц/га.
А ўсяго ў СВК “Макараўцы” пад зерневыя і зернебабовыя культуры адведзена больш за дзве тысячы гектараў плошчаў, гарачая пара ўборкі толькі пачынаецца, налітая спелымі каласамі ніва чакае хлебаробаў.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *