Мяняюць свой выгляд нашы краявіды. Жоўценькая роўная шчотачка застаецца на збожжавых палях Бераставіччыны, калі там пройдзецца дагледжаная тэхніка, і клапатлівыя рукі аграрыяў дачыста збяруць чарговы каштоўны дар роднай зямлі.
Нягледзячы на спёку, якая паўплывала-такі на ўраджай гэтага года, аддача ад намаганняў хлебаробаў будзе. Упэўніцца ў гэтым можна было ў СВК “Пархімаўцы”. Восем магутных камбайнаў працавала на ўборцы ўчора ў гэтым сельгаскааператыве. Тут моцная агранамічная служба, дружная каманда працаўнікоў.
Надвор’е ў панядзелак выдалася сонечнае, добрае, таму і работа на полі кіпела. На магутным камбайне “Палессе-1218” яравы ячмень малацілі старшы камбайнер Віктар Маслоўскі і камбайнер Пётр Бычкоўскі. Абодва яны на жніве далёка не навічкі, а разам утвараюць зладжаны тандэм. Разумеюць прафесіяналы адзін аднаго з паўслова, а настрой у іх бадзёры і ад таго, што работа іх важная, кожнаму з нас патрэбная. Будзе хлеб – будзе і сіла, гаварылі ў народзе.
Рапс тут даў звыш 45 цэнтнераў з гектара, у мінулым годзе было 54. Ураджайнасць добрая і леташняя, і тая, што ў гэтым годзе. А ячмень, які ў СВК “Пархімаўцы” малацілі ўчора чацвёрты дзень, дае 76 цэнтнераў з гектара. Убраць “вусатую культуру” трэба на 245 гектарах.
Пры добрым надвор’і, без дажджоў, мяркуюць у гэтай гаспадарцы, спатрэбіцца прыкладна 10 дзён, каб убраць збожжавыя.
Жніўны канвеер упэўнена крочыць па Бераставіччыне. Добрага спрыяльнага вам надвор’я, поўных багатых “куфраў” збожжа, шаноўныя землякі!
Ніна Наддэ,
фота аўтара