Начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Анатолій Станкевіч – наш зямляк. Пасля заканчэння Вялікабераставіцкай сярэдняй школы паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, а затым вярнуўся на сваю малую радзіму. Працаваў у калгасе “Чырвоны Кастрычнік”, больш за два дзясяткі гадоў ужо ўзначальвае раённую інспекцыю Дзяржтэхнагляду. Развіццё аграрнага сектара Бераставіччыны, механізацыя і мадэрнізацыя важнай галіны праходзілі літаральна “на вачах” гэтага нераўнадушнага чалавека. Па словах Анатоля Пятровіча, за гэты час карціна кардынальна памянялася. Мы можам успомніць ранейшыя машынныя двары і майстэрні ў калгасах. Нават тэрыторыя далёка не ўсюды тады была заасфальтаваная, не было такіх прыдатных умоў працы для людзей, як зараз. Ды і самі трактары, камбайны, напрыклад, былі таксама зусім не такія эфектыўныя, як сёння. Зернесушыльныя комплексы таксама раней выкарыстоўваліся састарэлыя, з невялікай прапушчальнай здольнасцю.
Раней у калгасах былі трактары Т-150К, К-700, МТЗ-80, МТЗ-82. У трактара МТЗ-80 было 80 конскіх сіл, а зараз у новых энерганасычаных “Беларус-3022” і “Беларус-3522” — звыш 300 конскіх сіл. Новыя ўдасканаленыя сучасныя мадэлі трактароў больш камфортныя. Няма ўжо ў нашых гаспадарках ранейшых камбайнаў “Дон-1500”, “СК 5 — Ніва”, “КЗС-7”. Захаваўся толькі “Ліда-1300”. На змену ранейшым прыйшлі новыя энерганасычаныя “Ліда-1600” і “КЗС-1218”. Усяго ў гаспадарках Бераставіччыны зараз 34 імпартных і 52 айчынных камбайнаў.
Устарэлыя зернесушыльныя комплексы КЗС-20Ш таксама адышлі ў нябыт. Засталіся ў некаторых месцах толькі старыя сушылкі М-819. На змену маральна састарэламу сушыльнаму абсталяванню прыйшлі сучасныя магутныя КЗСВ-30 і КЗСВ-40 “ЛідАрай”. У СВК “Цецяроўка” і “Макараўцы” па два такіх магутных комплексы.
На Бераставіччыне шмат зроблена, у нас моцная матэрыяльная база. Сельскагаспадарчая вытворчасць у раёне дынамічна развіваецца. На Бераставіччыне неаднаразова праводзіліся абласныя і рэспубліканскія семінары, тут ёсць што паглядзець. Напрыклад, пра адноўленую майстэрню ў аграфірме “Стары Дворац”, сапраўдны гонар раёна, удзельнікі аднаго з такіх мерапрыемстваў гаварылі, што яна зроблена “па стандартах новага веку”. Безумоўна, пра людзей тут паклапаціліся. Уражвае дагледжаная тэрыторыя машыннага двара, адноўлены выгляд будынка майстэрні, сучаснае абсталяванне. Працаўнікі ўспамінаюць, як раней ім прыходзілася сагравацца зімой каля “печкі-буржуйкі”, а зараз тут сучасная сістэма ацяплення. У памяшканні новай кацельні ўстаноўлены аўтаматычныя катлы – адзін на дровах і два на газе. Кацёл на мясцовых відах паліва эканамічны, прызначаецца для падагрэву вады для душа летам, каб чалавек мог асвяжыцца пасля напружанай працоўнай змены, напрыклад, у гарачы час жніва. Астатнія катлы робяць камфортнымі ўмовы працы людзям зімой. Асобнае памяшканне выдзелена пад пральную машыну, таму дамоў насіць вопратку, як раней, людзям не прыходзіцца. Прыгожая плітка стварае сучасны адметны інтэр’ер, нават парэнчы ў будынку майстэрні на лесвіцы прыгожыя, ажурныя. Ёсць утульны пакой для адпачынку, дзе можна перакусіць, падагрэць ежу ў мікрахвалёўцы, папіць гарачага чаю.
Новае вытворчае абсталяванне ў майстэрні аграфірмы выдатнае. Напрыклад, ёсць спецыяльны апарат для лоўлі тэхнічнага шкоднага пылу пры такарных работах. Раней такі небяспечны пыл і стружка вельмі заміналі токарам працаваць, зараз праблема вырашана. У слясарным цэху працуе адмысловы электрапрэс. “Разумную” тэхніку цяжка пералічыць. Усё гэта, безумоўна, спрыяе таму, што ў аграфірме хоча працаваць моладзь. На такім выдатным аб’екце працаваць прэстыжна.
Своечасовая мадэрнізацыя дапамагла стварыць “новы твар” нашага аграрнага раёна. Няхай і далей ён паспяхова развіваецца на карысць людзям!
Ніна Наддэ