Трэцяя чвэрць для навучэнцаў Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы завяршылася цікавымі і пазнавальнымі мерапрыемствамі. Апошні яе тыдзень быў прысвечаны павышэнню фінансавай граматнасці. Дарэчы, у нашай установе тыдні фінансавай граматнасці ўжо сталі традыцыйнымі.
У рамках тыдня былі прадугледжаны мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый навучэнцаў. Дашкольнікі, на момант стаўшы “дарослымі”, вучыліся самастойна распараджацца грашыма: ішлі за пакупкамі ў “магазін”, у “банк” – каб разлічыцца за “паслугі”. І ім гэта было цікава. Вучні пачатковых класаў рашалі задачы-сітуацыі і задачы-жарты эканамічнага характару.
Для вучняў старэйшых класаў быў праведзены майстар-клас па карыстанні інтэрнет-банкінгам.
І, канечне ж, вельмі змястоўнымі былі сустрэчы са спецыялістамі банкаўскай сістэмы раёна. Работнікі ААТ “Беларусбанк” правялі віктарыну “Рабі зберажэнні з розумам”, а таксама з героем коміксаў львом Лявонам і вучнямі падарожнічалі ў Афрыку. Пры гэтым за ўсе паслугі падарожнікі “разлічваліся” банкаўскімі пластыкавымі карткамі, у тым ліку і праз інтэрнет.
Спецылісты ААТ “Белаграпрамбанк” падрабязна расказалі аб новых беларускіх грашах і прадэманстравалі апарат, якім правяраюць сапраўднасць купюр.
Упершыню нашымі гасцямі сталі супрацоўнікі падатковай інспекцыі. Вельмі карысна было даведацца аб падатковай сістэме рэспублікі, аб ролі падаткаў у сучасным грамадстве, аб правах і абавязках тых, хто плаціць падаткі.
Праведзеныя мерапрыемствы папоўнілі багаж эканамічных ведаў навучэнцаў, спрыялі развіццю іх фінансавай культуры.
Людміла Чарток, дырэктар Старадварэцкага ясляў-сада – базавай школы