З 18 па 23 лютага ва ўстановах адукацыі Бераставіччыны праходзяць мерапрыемствы Тыдня роднай мовы, прымеркаванага да Міжнароднага дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага.
— Установы адукацыі нашага раёна актыўна ўключаюцца ў правядзенне гэтага тэматычнага тыдня, — гаворыць метадыст Бераставіцкага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Карпуць. — Запланаваны і праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, якія маюць на мэце папулярызацыю беларускай мовы, павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Гэта і акцыя “Гавары са мной па-беларуску”, і конкурс чытальнікаў вершаў і выканаўцаў музычных твораў на вершы беларускіх паэтаў, і конкурс сачыненняў, і конкурс малюнкаў па творчасці беларускіх пісьменнікаў. У рамках Тыдня роднай мовы пройдуць таксама мерапрыемствы кніжнай выставы, прысвечанай творчасці беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў, а таксама конкурс відэаролікаў “У краіне роднай мовы”. А непасрэдна 21 лютага вучні 3-11 класаў прымуць удзел у гульні-конкурсе “Буслік” па беларускай мове і літаратуры.
Дарэчы, Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
Ірына МІКЛАШ